Старшыня Карэліцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская і начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ілля Самуйлік наведалі збожжавыя палеткі КСУП «Царука» і ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», дзе сустрэліся з перадавікамі сёлетняга жніва, уручылі ім узнагароды і выказалі словы падзякі за добрасумленную працу.
ПА ШЛЯХУ БАЦЬКІ
Каля вёскі Лядкі Ярэміцкага сельсавета ўбіраў збажыну экіпаж у складзе Дзяніса Віктаравіча Буя і Віктара Паўлавіча Буя. «Працавітыя і сціплыя хлопцы, яны вельмі стараюцца. Гэта сямейны экіпаж: бацька ўсё працоўнае жыццё ўбірае збажыну, па яго шляху пайшоў і сын», — гаворыць брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве Іван Крывіцкі. Ірына Леанідаўна дзякуе перадавым хлебаробам за шчырую працу і жадае далейшых поспехаў, а Ілля Валер’евіч — каб найхутчэй завяршылі жніво і добрага надвор’я для гэтых мэт.
На гэтым жа жытнёвым полі былі ўшанаваны члены экіпажа ў складзе Васілія Міхайлавіча Ганчара і Яўгенія Аляксандравіча Барысава. Як адзначалі хлебаробы, для іх жніво — задавальненне для душы.
Працу лёгкай не называюць — трэба зранку да вечара шчыраваць у полі. Затое яны ўбіраюць хлеб, а гэта адначасова пачэсна і адказна. За самаадданую працу раённы прафсаюзны лідар сказала ім шчыры дзякуй, а за дасягненне высокіх паказчыкаў у працы — намалацілі 1000 тон зерня — былі ўручаны ўзнагароды.
Ушанавалі ў гэты дзень і першага вадзіцеля-тысячніка на адвозцы зерня ад камбайнаў Мікалая Васільевіча Ганчара. Сам ён родам з Віцебшчыны, пасля працы ў сталіцы выбраў для жыхарства вёску Пагарэлка. Населены пункт даспадобы, як і яго добразычлівыя жыхары, а праца ў радасць — разам з іншымі хлебаробамі выконвае харчовую праграму краіны.
ГАНАРОВАЯ МІСІЯ
Далейшы наш шлях пралёг у ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», каб павіншаваць перадавікоў сёлетняга жніва. Аляксей Міхайлавіч Крэнь працуе ў гаспадарцы з 1986 года, з 2008 — камбанерам. «Кожны год хвалююся па-асабліваму. Я працую адзін, гэта няпроста, але стараюся. Убіраць хлеб — ганаровая місія для хлебароба», — сказаў тысячнік.
Трактарыст-машыніст Міхаіл Пятровіч Харута перавёз больш тысячы тон збожжа. Як адзначыў суразмоўца, на трактары працуе з 1985 года. На жніве стараецца своечасова адвезці збожжа ад камбайнаў, і на ўліку ў яго кожная хвілінка. Пажадаў усім хлебаробам краіны здароўя, аптымізму, поспехаў у рабоце.
УЗНАГАРОДЫ — ПЕРАДАВІКАМ
Падзячнае пісьмо Карэліцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўручана трактарысту-машыністу КСУП «Царука» Віктару Паўлавічу Бую, а Падзякі — трактарыстам-машыністам Андрэю Васільевічу Цвірка (ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская»), Дзянісу Віктаравічу Бую і Васілію Міхайлавічу Ганчару (КСУП «Царука»).
За лік спонсарскіх сродкаў былі адзначаны камбайнер Яўгеній Аляксандравіч Барысаў і вадзіцель Мікалай Васільевіч Ганчар з КСУП «Царука», камбайнер Аляксей Міхайлавіч Крэнь і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Міхаіл Пятровіч Харута з ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская». Спонсарамі выступілі ПГУП «БелТАВІС» і індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Віктаравіч Міхайлоўскі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ






















