Яшчэ нашы продкі прыйшлі да такой высновы. Праца ўзбагачае і праслаўляе чалавека. Руплівец моцна стаіць на нагах і ўпэўнена глядзіць у заўтра.
Дваццаты год шчыруе на палетках Карэліччыны Аляксандр Мікалаевіч Рачынскі. Руплівага і стараннага трактарыста паважаюць у ААТ «Карэлічы-Лён» і ў раёне. У працы ён бачыць сэнс свайго жыцця: выкладваецца спаўна і атрымлівае асалоду. «Лён — наша жыццё. Ару, культывую, сею, цераблю, прасую», — сціпла адзначае перадавік вытворчасці.
Аляксандр нарадзіўся на карэліцкай зямлі. Яго маленькая радзіма — вёска Пагор’е Красненскага сельсавета. Закончыў Жыровіцкі агратэхнічны каледж па спецыяльнасці тэхнік-механік. Як гаворыцца, навуку за плячыма не насіць, а вось у працы яна падмога.
На «Карэлічы-Лён» працавала ў свой час і матуля Галіна Пятроўна. Яна была сартыроўшчыцай доўгага валакна. Яе аповеды пра прадпрыемства выклікалі цікавасць — і сын зрабіў свой выбар.
— Я люблю поле і мне падабаецца праца, — гэтак жа шчыра, як і працуе, гаворыць трактарыст. Яму нельга не верыць: у адданасці зямлі і справе — сіла, а па працы і пашана. Сапраўды: і поле герояў родзіць.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























