Як важна знайсці справу па душы, якой будзеш служыць усё жыццё. Каб прайшоўшы працоўны шлях, не з’явілася шкадавання аб сваім выбары.
Тэрэса Юзэфаўна Барыскіна — загадчык ветэрынарнай лабараторыі Карэліцкай райветстанцыі. Працуе ў гэтай арганізацыі з 1991 года. Пачынала ветэрынарным урачом сералагічнага аддзела. Дзесяць гадоў таму як прызначылі на гэтую пасаду.
— Мая праца — у даследаванні крыві жывёлы на інфекцыйныя захворванні, — гаворыць загадчык лабараторыі. — У мяне ёсць памочнік — лабарант Ірына Валянцінаўна Качан. Яна праводзіць аналіз, а я даю заключэнне: жывёла хворая ці здаровая.
Тэрэса Юзэфаўна пераканана: трэба быць спецыялістам высокага ўзроўню. Сваю працу лічыць патрэбнай.
— Медыцынскія спецыялісты лечаць чалавека, а ветэрынарныя — чалавецтва, — сцвярджае жанчына. — Я павінна правільна паставіць дыягназ і не памыліцца — ад гэтага залежыць здароўе чалавека.
Яе маленькая радзіма — вёска Баравікі Іўеўскага раёна. У Карэлічы прыехала пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.
— Тут жыву трыццаць пяць гадоў — і яны сталі сваімі. Тут дом, сям’я, выраслі дзеці, знайшла справу жыцця, — адзначае Тэрэса Юзэфаўна.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ























