Выбраць прафесію аднойчы і на ўсё жыццё — свайго роду шчасце. Увесь раствараешся ў сваёй справе — і яна прыносіць радасць, а грамадству і людзям — карысць.
Чвэрць стагоддзя прысвяціла Карэліцкаму сырцэху Наталія Іванаўна Лейка. У першыя гады працы гэта было адно з буйнейшых прадпрыемстваў у раёне: на маслазаводзе выпускалі шмат відаў прадукцыі. Сярод іх — масла розных гатункаў, сыры «Нёманскі», «Адыгейскі», «Сулугуні». Вялікая ўвага ўдзялялася і выпуску казеіну. Малако паступала з усіх гаспадарак раёна. І сёння сырцэх годна нясе свой вытворчы сцяг, выпускаючы шырокую лінейку прадукцыі і прадстаўляючы яе на разнастайных выставах.
Наталія Іванаўна як лабарант хімічнага аналізу ажыццяўляе кантроль за якасцю гатовай прадукцыі і ўваходны кантроль за малаком-сыравінай. «Калі толькі прыйшла на працу, было дзевяць лабарантаў», — успамінае жанчына і дадае, што зараз працуе чатыры. Разам з тым адказнасць не знізілася. З’явіліся новыя тэхналогіі на вытворчасці, усе працэсы камп’ютарызаваны. Пра працаўніка таксама не забываюць: створаны добрыя ўмовы для працы, маецца пакой для прыёму ежы, камфортныя гардэробы.
Асартымент выпускаемай прадукцыі пастаянна павялічваецца. З’явіліся новыя віды сыру: «Самегрэла», «Шэўр», «Селегін», нават сырныя чыпсы. Сыр «Адыгейскі» традыцыйна займае першыя месцы на розных выставах.
— Я люблю сваю працу, — гаворыць лабарант. — Калектыў у нас дружны, як адна сям’я, і мы стараемся трымаць марку прадпрыемства.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























