Родны куточак. Любоў да яго чалавек праносіць праз усё жыццё. Многія з любімай старонкай звязваюць свае гады: тут усё роднае і дарагое сэрцу. І праца ў радасць.
Аляксандр Генадзьевіч Саладуха — трактарыст-машыніст КСУП «Малюшычы». Сваю прафесію моцна любіць і адданы сваёй Бацькаўшчыне.
— Я родам з вёскі Сэрвач, — гаворыць ён. — Гэта мая малая радзіма. Жыву ў Малюшычах — і гэта радуе, што звязаў свой лёс з роднай старонкай.
З 1980 года Аляксандр Генадзьевіч працуе на роднай зямлі. Ганарыцца сваёй хлебаробскай справай і сваімі каранямі.
— Мой бацька быў трактарыстам, — успамінае суразмоўца. — У дзяцінстве прасіўся ў яго, каб пасядзець у кабіне і праехацца ў трактары. Так хацелася, аж дух захоплівала. У працоўным жыцці давялося шчыраваць на рознай тэхніцы. Былі трактары розных марак: МТЗ-50, МТЗ-80, МТЗ-3032 і камбайны: Ніва, СК-5, СК-6. Да замацаванай тэхнікі адношуся беражна — яна догляд любіць.
Аляксандр Генадзьевіч на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму прадаўжае працаваць. Пах свежай раллі і прыгажосць родных краявідаў заварожваюць і абуджаюць душу — у трактарыста-машыніста ўзрастае жаданне аддавацца любімай справе.
— Пакуль будзе здароўе і мая праца будзе патрэбна гаспадарцы — буду шчыраваць на роднай зямлі. Буду рабіць гэтак жа годна і самааддана, як і шмат гадоў таму дзеля дабрабыту людзей і раёна, — адзначае Аляксандр Саладуха.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























