Быць лідарам — справа нялёгкая. Трэба заўсёды трымаць марку і ні ў якім разе не адступаць назад. Лідарства — гэта адказнасць не толькі за сябе, але і за тое, што ты робіш, і які прыклад падаеш астатнім.
Не адзін год сярод перадавікоў сельгаспрадпрыемства “Лукі-Агра” і раёна знаходзіцца Ігар Мардзіловіч. За якую б справу ні ўзяўся — заўсёды ўваходзіць у лік першых. У гэтым годзе Ігар Уладзіміравіч увайшоў у лік пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод механізатараў на ўборцы кукурузы на сілас. На пытанне, як гэта, быць лідарам, адказвае проста:
— Я ніколі аб гэтым не задумваўся. Проста раблю сваю работу, вось і ўсё. Лічу, што яшчэ справа ў тым, у якіх умовах ты працуеш. Харошыя калектыў і кіраўніцтва, дастойная зарплата, вось і стараемся быць лепшымі.
Як і большасць працаўнікоў сяла, Ігар Мардзіловіч мясцовы. І працуе на карысць роднай зямлі ўжо 31 год. Пра сябе з гумарам мужчына кажа: “Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся”.
— За гэты час шмат чаго змянілася. Пачыналі з горшага, са старых камбайнаў. А цяпер – усё механізавана, зусім іншыя ўмовы для працы. Я працую на новым камбайне 5 гадоў, моц, дызайн, камфорт, вялікія намалоты – што яшчэ для работы трэба. Толькі было б жаданне і адказнасць.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























