14 студзеня ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры на чарговыя заняткі сабраліся ідэолагі раёна.
Семінар-вучоба праходзіў напярэдані адзінага дня інфармавання насельніцтва. Пытанні тычыліся менавіта той тэмы, што будзе разглядацца падчас сустрэч членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп Карэліцкага райвыканкама ў працоўных калектывах раёна. Увага прысутных была звернута і на шэраг іншых пытанняў.
«Ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь» — асноўная тэма, на якую звярнуў увагу ў сваёй прамове намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан. «Сумесна з кіраўнікамі арганізацый і прадпрыемстваў інфармацыю трэба даводзіць да членаў працоўнага калектыву, каб яны ўсвядомілі сваю адказнасць і сумленна працавалі на працоўных месцах», — адзначыў Яўген Мікалаевіч. Прамоўца нагадаў пра тое, што 2026-ы аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, што яшчэ больш узвышае яе стасус і дае магчымасць дабівацца новых вяршынь.

Яўген Чычкан выказаў словы ўдзячнасці ідэалагічнаму актыву раёна за арганізацыю навагодніх мерапрыемстваў, удзел у конкурсах, да якіх рыхтаваліся з усёй адказнасцю. «Карэліччане і госці захапляліся прыгажосцю гарадскога пасёлка, і ў гэтым ёсць і ваша заслуга», — адзначыў ён.
Прамоўца паведаміў пра падзеі, якія адбудуцца на Карэліччыне ў студзеньскія дні, і заклікаў не заставацца раўнадушнымі. Па-першае, 19 студзеня, на Вадохрышча, на возеры ў аграгарадку Краснае з 18 да 20 гадзін можна будзе акунуцца ў палонку. Ваду асвеціць благачынны Карэліцкай акругі Ігар Пірог. Будуць гарачая гарбата і добрая музыка. Па-другое, 31 студзеня на базе дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка» плануецца правесці «Карэліцкую лыжню».
Яўген Чычкан засяродзіў таксама ўвагу на цюбінгавых трасах і прасіў звярнуць асаблівую ўвагу на іх бяспеку. «Мы не павінны быць раўнадушнымі: трэба тлумачыць дзецям, як сябе паводзіць», — рэзюмаваў прамоўца.
Што ж датычыць барацьбы з сёлетняй снежнай стыхіяй, Яўген Мікалаевіч адзначыў са станоўчага боку праводзімую работу ў дадзеным накірунку: на дапамогу адзінокім і састарэлым прыйшлі ЦСАН, БРСМ, валанцёрскія атрады школ раёна і нераўнадушныя людзі.
На сустрэчы разгледжаны і дадатковыя тэмы. Па першай — «Прафілактыка дамашняга гвалту» — слова трымаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Іван Ганікевіч, які закрануў тэму сямейна-бытавых канфліктаў. Іван Іванавіч звярнуў увагу і на тое, што ў сферы высокіх тэхналогій не ўсё добра, і трэба быць асабліва пільнымі. «Зараз шмат новых дадаткаў, не спяшайцеся пераходзіць па спасылкам, каб не трапіць у рукі махляроў», — рэзюмаваў праваахоўнік.
З другой — «Бяспека пячнога ацяплення. АПА. Бяспека зімовых захапленняў» (горкі, цюбінгі, лёд) пазнаёміў намеснік начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Анатолій Шолк. Прамоўца заклікаў захоўваць правілы пры прапальванні пячэй, рабіць гэта пры неабходнасці, некалькі разоў у дзень, не пераграваць іх. Што да аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, які неаднойчы выратоўваў жыцці, то яго трэба абавязкова набыць. На вадаёмах неабходна паводзіць сябе акуратна і сачыць за таўшчынёй лёду. Пры неабходнасці аказаць першую дапамогу пацярпелым.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Андрэя ДЗЯНІСКА























