Свята Вадохрышча — гэта ўспаміны евангельскай падзеі, калі Хрыстос прыйшоў на бераг ракі Іардан і быў пахрышчаны Іаанам Прадцечай. Іаан прапаведаваў сярод іудзеяў хрышчэнне пакаяння. Прыходзячы на пустынны бераг Іардана да Іаана Прадцечы, людзі спавядалі свае грахі і сімвалічна змывалі іх з сябе ў рачной вадзе. Калі да Іаана прышоў бязгрэшны Хрыстос і таксама выказаў жаданне хрысціцца, той сказаў: «Мне трэба хрысціцца ад Цябе, і ці Ты прыходзіш да мяне?» Але пачуў у адказ: «Так належыць нам выканаць усялякую праўду — Божую волю». Хрыстос як Чалавек павінен быў выканаць усе пастановы закона іудзейскага, каб, выканаўшы яго, даць Свой новы благадатны закон. Іаану нічога не заставалася, акрамя як дапусціць Ісуса да хрышчэння.
Адразу пасля гэтага на Хрыста сыйшоў Дух Святы ў вобразе голуба, а з неба загрымеў голас: «Ты Сын Мой Любы; у Цябе Маё благаслаўленне!» Гэта Бог Бацька засведчыў, што Ісус не толькі Сын Чалавечы, але яшчэ і Сын Божы. Так у падзеі Вадохрышча ўпершыню бачным чынам з’явіліся ўсе Твары Святой Троіцы, таму свята атрымала і другую назву — Богаяўленне.
Асвячэнне вады — самая яркая рыса свята. Ваду, асвечаную напярэдадні, у Навячэр’е, і ў сам дзень Богаяўлення, у Царкве называюць агіясмай, г.зн. вялікай святыняй. Яна захоўваецца месяцамі і нават гадамі, валодае ўласцівасцю лячыць людзей ад хвароб і ўмацоўваць духоўна менавіта таму, што набывае па малітве Царквы ўласцівасці абноўленага Сусвету, пазбаўленага ад наступстваў чалавечага граху. Безумоўна, цудоўныя ўласцівасці вадохрышчанскай вады праяўляюцца толькі пры ўмове веры чалавека.
Браты і сестры! Віншую ўсіх вас са светлым святам Вадохрышча! Малітоўна жадаю вам здароўя, міру і дабра ў вашых сем’ях, поспеху ў добрых справах і міласці Святога Духа ў наступіўшым годзе.
Запрашаю на святочныя богаслужэнні:
18 студзеня (нядзеля) у 9.00 — Літургія, асвячэнне вады, 16.00 — Усяночнае трыванне. 18.00 — Асвячэнне вады.
19 студзеня (панядзелак) 8.00 — Асвячэнне вады, Літургія.
Акрамя таго, асвячэнне вады запланавана ў 12.00 19 студзеня (панядзелак) на святой крыніцы ў гонар іконы «Усецарыца» ў вёсцы Загор’е Карэліцкага раёна.
Ігар ПІРОГ, благачынны Карэліцкай царкоўнай акругі, іерэй.
























