На тэрыторыі Карэліцкага раёна праведзены рэйд, удзельнікамі якога сталі работнікі раённага Таварыства выратавання на водах, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і журналіст раённай газеты «Полымя».
У ходзе рэйду наведаны наступныя вадаёмы: рэкі Сэрвач каля вёскі Сэрвач і аграгарадка Цырын і Уша каля Вялікіх Жухавіч; азёры каля Некрашэвіч, Лук і Краснае. Рыбакі без выратавальных камізэлек і іншыя парушэнні не выяўлены.
Праведзены інструктаж 15 грамадзян, якія займаліся падлёднай лоўляй рыбы. Ім нагадалі правілы паводзін на вадаёмах. Перш чым сысці з берага на лёд, трэба ўважліва аглядзецца і вызначыць маршрут руху, выбіраючы бяспечнае месца. Праверыць трываласць лёду пяшнёй ці кіем, а не ўдарам нагі. Не трэба прабіваць шмат лунак на блізкай адлегласці. Асабліва асцярожным трэба быць у месцах, якія пакрыты тоўстым пластам снегу, у месцах хуткага цячэння і выхаду крыніц паблізу выступаючых над паверхняй кустоў, асакі, травы, упадзення ў вадаёмы ручайкоў. Выходзіць на лёд трэба ў неглыбокіх месцах. Не збірацца на ім вялікімі групамі.
Рыбакам нагадалі і аб тым, што, накіроўваючыся на зімнюю рыбалку, трэба ўзяць з сабой прасцейшыя выратавальныя сродкі: вяроўку даўжынёю 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400-500 грамаў на другім, а таксама выратавальную камізэльку альбо нагруднік. І яшчэ немалаважна ведаць: надзейны лёд — празрысты, з зеленаватым адценнем, таўшчынёй не менш за 7 сантыметраў. Малочна-белага колеру лёд удвая слабейшы за празрысты. Самы небяспечны лёд, які ўтварыўся са змёрзлага снегу.
Адным словам, лёд памылак не даруе. Трэба быць прадбачлівымі і пільнымі. І выконваць правілы паводзін на лёдзе.

Па выніках работы за 2025 год Карэліцкае раённае Таварыства выратавання на водах заняла другое месца ў вобласці. У Карэліцкім раёне за мінулы год пры купанні няшчасных выпадкаў не дапушчана.
Галіна СМАЛЯНКА























