Лета — цудоўны час не толькі для адпачынку, але і магчымасць правесці яго з карысцю. Многія юнакі і дзяўчаты вырашаюць паспрабаваць сябе ў працы ў студэнцкіх атрадах.
13 ліпеня пачаў сваю работу экалагічны студэнцкі атрад «Рассвет» імя Героя Сацыялістычнай Працы Таццяны Рыгораўны Арда. На працягу дзесяці дзён ён будзе функцыянаваць пры Карэліцкім раённым унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Рабочы зялёнага будаўніцтва РУП ЖКГ Алена Пякарская, якая ў першы дзень работы была кіраўніком моладзі, паведаміла аб тым, што восем дзяўчат займаюцца праполкай клумб і выставачных кампазіцый. Іх у райцэнтры пятнаццаць, яны былі ўстаноўлены падчас правядзення конкурсу «Цветочные краски».
У момант сустрэчы члены студатрада шчыравалі каля кампазіцыі Смаргонскага РУП ЖКГ. «Дзяўчаты стараюцца, працуюць з пачуццём адказнасці і вялікім задавальненнем. Яны значна аблягчаюць працу работнікаў камунгаса», — сказала кіраўнік.

Аляксандра Струк, выпускніца сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, адзначае:
— У студэнцкі атрад прыйшла, каб заняць свой вольны час. І яшчэ гэта магчымасць зразумець, як зарабляюцца грошы. Будзем працаваць дзесяць рабочых дзён, з 8 да 16 гадзін, з перапынкам на абед з 13 да 14 гадзін. У першы дзень атрымалі цікавы вопыт. У невялікай кампаніі робім карысныя справы і размаўляем паміж сабою.
Паліна Барадзіна, навучэнка 3 курса Навагрудскага дзяржаўнага каледжа, жыхарка г.п. Карэлічы, гаворыць:
— У студэнцкім атрадзе хачу атрымаць першы афіцыйны вопыт працы, сустрэць новых сяброў, з карысцю правесці вольны час. Першы дзень паказаў, наколькі цікава клапаціцца пра кветкі і праводзіць час у новай кампаніі. Надвор’е спрыяе працы — цёпла і сонечна. Я сама прыняла гэтае рашэнне: папрацаваць у студатрадзе, каб зарабіць першыя грошы і зрасходаваць іх на ўласныя жаданні.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДА










