З 3 жніўня пачаў сваю работу студэнцкі экалагічны атрад «Волат» імя Надзеі Сцяпанаўны Трускоўскай. Ён функцыянуе на базе Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Мы сутрэліся з членамі студатрада на вуліцы Савецкай у райцэнтры, тут яны фарбавалі плот — і штыкетнік набываў яркі выгляд. Гэтай жа справай займаецца рабочы па зялёным будаўніцтве Аліна Жынько, якая з’яўляецца кіраўніком.

Яна расказвае:
— У нашай групе — пятнаццаць чалавек: чатыры дзяўчынкі і адзінаццаць хлопчыкаў. Узрост розны, адны працуюць да абеду, каму няма шаснаццаці гадоў, астатнія — да 16 гадзін. У некаторых ужо ёсць вопыт працы — працавалі ў першай падгрупе. Лічу, што рукі маладых зараз патрэбныя, разам навёдзём парадак у нашым гарпасёлку. Работа з боку РУП ЖКГ арганізавана на належным узроўні — фарбу падвозяць своечасова.
На аб’екце з’явіўся і старшы майстар па добраўпарадкаванні Мікалай Яўсей.

Па яго меркаванні, праца членаў студэнцкага атрада вельмі карысная, дзяўчаты і юнакі прывучаюцца да працы, ёсць магчымасць зарабіць грошы і набыць вопыт, а дапамога РУП ЖКГ не бывае лішняй.
— Аказваецца, выйграюць усе. Разам навядзём парадак у нашых Карэлічах і падрыхтуемся да свята «Дажынак». І немалаважна для маладых: лепш заняцца карыснай працай, чым бавіць час на працягу дня ў інтэрнэце, — адзначае Мікалай Мікалаевіч.

Данііл Лустач, 16 гадоў, навучэнец Навагрудскага дзяржаўнага каледжа, жыхар г.п. Карэлічы адзначае:
— Хацеў летам заняцца карыснай справай. Ужо адпачыў, можна і папрацаваць на карысць роднага гарпасёлка. Таксама хачу зарабіць грошай, пакуль не ведаю, на што зрасходую. Калектыў падабраўся дружны і вясёлы, праца нам у радасць, а спякота маладым не перашкода.
Віталій Шах, выпускнік сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы гаворыць:
— Хачу папрацаваць для душы, дзеля дабрабыту родных Карэліч, каб яны яшчэ больш квітнелі. Наша праца патрэбная: на вачах плот мяняе свой выгляд, і ад гэтага на душы становіцца радасна. Не шкадую, што прыйшоў папрацаваць у студэнцкі атрад, тут сустрэў новых сяброў.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Яраславы МАНКЕВІЧ























