Карэліччына, зноў у чарговы раз прызнаюся табе ў любові — вялікай, шчырай, непадкупнай. Тут усё сваё, роднае, дарагое сэрцу. З роднай вёскай Вялікая Слабада звязана дзяцінства і юнацтва, а з Карэліцкім раёнам — усё працоўнае жыццё. І на заслужаным адпачынку адчуваю прыналежнасць да любімай старонкі.
Скажыце, ну дзе, калі не на Карэліччыне, сустрэнеш такіх працавітых людзей? Спрадвеку тут умелі вырошчваць хлеб. Жытнёвыя палеткі радавалі вока, на збожжатоках позірк краналі залатыя зярняты. У агульным беларускім караваі заўсёды быў важкі ўклад карэліцкіх хлебаробаў. Няхай з іх вуснаў не гучалі вялікія прамовы, але іх рукі ніколі не цураліся працы.
А поруч з Яго Вялікасцю Хлебам спрадвеку гучала песня. Чаго б мы былі варты без добрай мелодыі? Наш край багаты на таленты, якімі выканаўцы дзеляцца з землякамі і гасцямі. Яго праменьчыкамі надзелены і дзеці. Творчыя здольнасці дапамагаюць развіваць ім старэйшыя сябры — выхаванцы выходзяць пераможцамі шматлікіх конкурсаў.
Дзяўчынкі і хлопчыкі праслаўляюць родную старонку не толькі песнямі, вершамі, танцамі — яны здольныя яшчэ ў вучобе і спорце. Неаднаразова з’яўляліся пераможцамі алімпіяд і спаборніцтваў. У гэтым заслуга педагогаў, якія свае веды, навыкі, вопыт перадаюць маладым.
Карэліччына — гэта прыгожыя аграгарадкі і вёскі, дзе пануюць цішыня і спакой, а сэрца радуюць навакольныя краявіды. І няхай не ва ўсіх вокнах зімой свецяцца агеньчыкі, але ўлетку не зарастаюць сцяжынкі да роднага парога. Многія гараджане прыязджаюць на маленькую радзіму, на могілкі продкаў. Жыве памяць — і няхай так будзе заўсёды.
Радзіма — самае дарагое ў чалавека. Гэта тое, што робіць крыху шчаслівейшым нават тады, калі вяртаешся туды толькі ва ўспамінах. А якое велізарнае шчасце, калі на гэтай зямлі жывеш усё жыццё! Давайце любіць Радзіму нягледзячы ні на якія жыццёвыя цяжкасці і віхуры ў жыцці! Любіць так, як павінны любіць сыны і дочкі — шчыра, пранікнёна, ад усёй душы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ








