Лён — сімвал працавітасці, дабрабыту, гонару. Нездарма ў народзе заўважана: пасееш лён — збярэш золата. Таму і славіцца адкрытае акцыянернае таварыства «Карэлічы-Лён» высокімі дасягненнямі ў працы, а працаўнікі — сумленнымі адносінамі да справы.
Маленькая радзіма Аляксандра Сасноўскага — аграгарадок Васілішкі Шчучынскага раёна. Вучыўся ў Карэліцкім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі па спецыяльнасці «маляр, тынкоўшчык, абліцоўшчык, плітачнік». Пасля яго сканчэння здаў на правы трактарыста. Гэтае рашэнне аказалася лёсавызначальным у працоўным жыцці.
У 2017 годзе Аляксандр Часлававіч уладкаваўся на працу на ААТ «Карэлічы-Лён». Льняныя абшары сталі для яго любімым месцам, дзе мог выкласціся спаўна — церабіў і ўбіраў даўгунец. Надышла асенняя пара — і апусцелі палеткі. Але праца рупліўца працягнулася на самім прадпрыемстве — ён актыўна ўключыўся ў вытворчы працэс. З кастрычніка перайшоў працаваць вадзіцелем электрапагрузчыка і гэтак жа адказна выконвае прафесійныя абавязкі.
— Хто працуе, той і святкуе, — адзначае перадавік вытворчасці напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Аляксандр Сасноўскі жадае калегам плёну ў працы, моцнага здароўя і мірнага неба.
Галіна Смалянко
Фота Іны Лейкі







