«Талент — гэта іскра, якую трэба раздзьмуць у полымя ўпартай працай», — пісаў беларускі класік Якуб Колас. Гэтыя словы адносяцца і да Святланы Андрэеўны Кошур з г.п. Карэлічы. Яна — аўтар 10 краязнаўчых кніг і больш за 300 публікацый у перыядычных выданнях, навуковых зборніках, літаратурным альманаху «На Нёманскай хвалі».

Чвэрць стагоддзя Святлана Андрэеўна Кошур працавала навуковым супрацоўнікам Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, дзякуючы чаму правяла шмат даследаванняў і напісала шэраг унікальных твораў. Зараз яна — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Як адзначае яго старшыня Алесь Карлюкевіч у прадмове да кнігі «Праз паціну часу»: «Краязнаўца напісала цэлую бібліятэку кніг. Праца стараннай даследчыцы атрымала шырокае грамадскае і дзяржаўнае прызнанне. І зараз Святлана Кошур працягвае ісці сцежкамі нязведанага, вяртае да жыцця, перадае будучыні забытыя і часам амаль што страчаныя памяткі гісторыі. Уражлівы прыклад служэння Айчыне!..»
Больш дэталёва пераканацца ў гэтым давялося на творчай сустрэчы ў Карэліцкай раённай бібліятэцы, падчас якой аўтар завітала сюды са сваімі кнігамі і зборнікамі і паведала наведвальнікам пра сваю творчую дзейнасць.

— Трыццаць пяць гадоў займаюся краязнаўствам, — гаворыць Святлана Андрэеўна. — Яно — справа майго жыцця і асветніцкая місія. Стараюся захаваць гісторыка-культурную спадчыну, каб перадаць яе падрастаючаму пакаленню, імкнуся папулярызаваць беларускую мову, каб нашчадкі не забывалі пра яе.
Творца прызналася, што заўсёды працоўнай у яе была беларуская мова. Свае артыкулы друкавала ў раённай газеце «Полымя» і розных рэспубліканскіх выданнях: «Культура», «Голас Радзімы», «Краязнаўчая газета», таксама ў «Советской Белоруссии», «Рэспубліцы», «Звяздзе».
Аповед пра кнігі і зборнікі, якія ўбачылі свет, аўтар пачала з выданняў «Родам з Карэліччыны» і «Карэліччына: старонкі гісторыі». Назвала іх сціплымі, хаця яны нясуць чытачу каштоўную і ўнікальную інфармацыю. «Вяртанне на Радзіму» высока ацанілі — прысуджана прэмія імя А. І. Дубко.
Наступная кніга — «На зямлі Карэліцкай», у якой змешчаны матэрыялы на ваенную тэматыку.
Найбольш грунтоўным, на яе думку, з’яўляецца выданне «Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі», за выхад у свет якой удзячна Карэліцкаму раённаму выканаўчаму камітэту.




Беручы ў рукі адно за адным выданні, Святлана Андрэеўна расказвала прыхільнікам творчасці пра тое, што змагла стварыць за гады сваёй творчай працы. Асаблівую перавагу надала «Лебядзінай песні Валянціна Рамановіча», назваўшы адным з самых каштоўных даследаванняў. Затым на працягу ўсёй творчай сустрэчы не адзін раз звярталася да яе і прызналася, што не толькі прадаўжае творчыя пошукі, але шукаюць і яе як аўтара, каб паведаміць дадатковыя звесткі. «Мне цікава пацягнуць за нітачку часу і разблытаць гэты клубок, знайсці штосьці новае», — адзначае аўтар.
Выданне «Залатая падкова Свіцязі» заўважылі і адзначылі: Святлане Кошур была прысуджана другая па ліку прэмія імя А. І. Дубко.
У няпросты час пандэміі выйшла яе кніга «Край запаветных мрояў», якую змаглі прачытаць жыхары Карэліччыны і Навагрудчыны.
— Галоўная праца — «Праз паціну часу: сцежкамі свіцязянскай зямлі», якая выйшла ў Выдавецкім Доме «Звязда». Кнігі трапілі ў многія бібліятэкі Беларусі, — прадоўжыла аповед аўтар і прызналася, што яна асабіста праводзіла прэзентацыю твора. Гэта дало свой плён: многія заказвалі кнігу. Яна піша, каб аднавіць гісторыю роднага краю, каб чытачоў ахутала аўра цудоўнага свіцязянскага краю.
На творчай сустрэчы Святлана Андрэеўна таксама паведаміла пра навуковы зборнік «Музей і спадчына: традыцыі і інавацыі», літаратурны альманах «На Нёманскай хвалі», зборнік навуковых канферэнцый «Гісторыя і сучаснасць Навагрудскага краю» і іншыя выданні, у якіх друкаваліся яе творы.
— Калі гутарка ідзе пра кнігі, гэта не пра грошы, а пра нешта іншае — асветніцкую місію. Калі ты ўсведамляеш, што трэба займацца любімай справай і працаваць па закліку душы, табе самому цікава, і гэта прачытаюць іншыя, — сцвярджае аўтар і дадае, што матэрыялы пішуцца на дакументальнай аснове і друкуюцца ў літаратурных і навуковых зборніках, «каб увесці факт у навуковае абарачэнне». Рада, што мае кнігі знаходзяць водгук у друку і іх чытаюць тыя, хто цікавіцца спадчынай роднага краю.
Святлане Кошур шчыра падзякавалі за творчую сустрэчу дырэктар Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх і дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Алена Лісоўская і пажадалі доўгіх гадоў актыўнага жыцця і творчага натхнення.





Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ







