Як адзначае старшыня Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў» Рэгіна Забродская, раённыя спаборніцтвы сярод членаў арганізацыі прымеркаваны да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Праводзяцца сумесна з сектарам спорту Карэліцкага райвыканкама. На іх сабраліся людзі з інваліднасцю з усіх куткоў Карэліччыны, усіх — 21 чалавек. Яны — актывісты арганізацыі.
Рэгіна Аляксандраўна адзначыла сацыяльна значымае значэнне спаборніцтваў і пажадала перамагчы самым знаходлівым, а ўсім атрымаць вялікае задавальненне ад сустрэчы. Яна выказала асаблівую падзяку кіраўніцтву СВК «Свіцязянка-2003», «Жухавічы», «Лукі-Агра», «Маяк-Заполле» за рэгулярную штогадовую дапамогу на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацыі.

Спаборніцтвы пачынаюцца. Пакуль удзельнікі змагаюцца за прызавыя месцы, вырашыла пагутарыць з некаторымі з іх.
Наталля Антонаўна Лазаровіч з г.п. Карэлічы расказвае:
— Кожны год удзельнічаю ў спаборніцтвах — ніводнага не прапусціла. Да таго ж, часта выходжу пераможцам, займаю прызавыя месцы, аб чым нагадваюць граматы і фотаздымкі. Іграю ва ўсе віды спорту, якія арганізоўваюцца для людзей з інваліднасцю. Гэта стральба, шашкі, гарадкі. Найбольш люблю стральбу, ад яе ў захапленні і заўсёды перамагаю. Па меры магчымасці ўдзельнічаю ў спаборніцтвах і вяду актыўны лад жыцця. Гэта яшчэ і доўгачаканыя сустрэчы з аднадумцамі, якія таксама захапляюцца рознымі відамі спорту. Удзячна арганізатарам спаборніцтваў.

Галіна Мікалаеўна Мяць з аграгарадка Варонча гаворыць:
— Я прыехала з Варончы, каб паўдзельнічаць у спаборніцтвах. Стараюся іх не прапускаць. Мне хочацца прыязджаць, каб не толькі паўдзельнічаць, але і сустрэцца з аднадумцамі. Тут пазнаёмілася з Наталляй Яўгеньеўнай Непагода шмат гадоў таму, і мы пасябравалі. Яна жыве ў вёсцы Крышылоўшчына, але адлегласць не перашкаджае падтрымліваць сяброўскія адносіны. Спаборніцтвы патрэбныя, каб атрымаць зарад энергіі і проста сустрэцца з членамі арганізацыі. На сустрэчах адчуваю сябе камфортна і лёгка, і нам усім добра разам.

Мікалай Аляксеевіч Васілеўскі з вёскі Міратычы,
старшыня савета ветэранаў СВК «Свіцязянка-2003», прызнаецца:
— Па закліку сэрца і душы прыехаў на спаборніцтвы, бо вельмі люблю спорт. Спорт для мяне — жыццё. Нядаўна ў райцэнтры на стадыёне «Юнацтва» раённая арганізацыя інвалідаў праводзіла спаборніцтвы па пнеўматычнай стральбе, дартсе і гарадках. Я заняў першае месца па стральбе. Хачу прызнацца, што я больш аддаю перавагу шахматам, а шашкі не маё хобі. Вось толькі любоў да спорту не спыняе мяне, таму і стараюся прымаць удзел ва ўсіх раённых спаборніцтвах. Ад гэтага атрымліваю вялікае задавальненне.

Падведзены вынікі раённых спаборніцтваў па шашках сярод членаў Карэліцкай аб’яднанай арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў». Пераможцамі выйшлі: сярод мужчын — Віталій Васільевіч Шэўка (першае месца), Мікалай Аляксеевіч Васілеўскі (другое), Сяргей Іванавіч Ашманкевіч (трэцяе); сярод жанчын — Наталля Антонаўна Лазаровіч (першае месца), Святлана Іванаўна Комар (другое), Галіна Мікалаеўна Мяць (трэцяе).



Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ







