Повара СПК «Свитязянка-2003» уверены: путь к высоким урожаям лежит через вкусную еду для аграриев
Праца кожнага, хто ўносіць асабісты ўклад ва ўборачную кампанію, надзвычай важная і неабходная: камбайнер гэта альбо яго памочнік, вадзіцель на адвозцы зерня альбо работнікі зернесушыльных комплексаў. Старанні павароў, якія сытна і смачна кормяць аграрыяў, нельга пераацаніць. Нездарма кажуць, што “сыты работнік – добры працаўнік”.
Менавіта таму штодзённая праца жанчын, якія праводзяць не адну гадзіну ў дзень каля гарачай кухоннай пліты, заслугоўвае найвышэйшых ухвал і ўдзячнасці.
У канцы мінулага тыдня старшыня РА РГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Міхайлаўна Санчук наведала сталовую СВК “Свіцязянка-2003”, каб адзначыць працу павароў гаспадаркі і ўручыць ім Ганаровыя граматы за добрасумленную працу і актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі бягучага года і памятныя падарункі. Словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас Наталлі Валер’еўны Сташчанюк, якая гатуе смачныя стравы для працаўнікоў “Свіцязянкі” з 2002 года, і Марыне Валяр’янаўне Сіроцінай, што працуе ў сталовай гаспадаркі з 2009 года.
– Штодзень гатуем да 120-125 абедаў і каля 70 вячэр, – дзеліцца Наталля Сташчанюк. – У збалансаванае меню, якое складае загадчык сталовай Алена Міхайлаўна Сак, уваходзяць сытныя стравы з мяса, рыбы, курыцы, абавязкова салаты з гародніны. Нядаўна нават дамашнюю выпечку прапанавалі аграрыям. Вельмі прыемна, калі чуеш: “Дзякуй, было вельмі смачна”. Гэтыя словы для нас з’яўляюцца найлепшай узнагародай.
– Наталля і Марына вельмі працалюбівыя і старанныя. Адразу бачна, што ў прыгатаванне кожнай стравы яны ўкладаюць душу, – хваліць работу павароў загадчык сталовай СВК “Свіцязянка-2003”. – Безумоўна, іх работа патрабуе шмат фізічных намаганняў. Але яны любяць кулінарыю, таму і атрымліваецца ў іх усё на выдатна.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара