Гатоўнасць тэхнікі да пасяўной кампаніі 2019 года ў Карэліцкім раёне складае 80 працэнтаў

Галоўная задача, якая сёння стаіць перад інжынернымі службамі сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны, – годна вытрымаць свайго роду экзамен і падрыхтаваць землеапрацоўчую і пасяўную тэхніку да вясенне-палявых работ. Менавіта ад таго, наколькі добра пройдзе гэты этап, будуць залежыць як ураджай бягучага года, так і агульныя вынікі работы аграпрамысловага комплексу раёна.

– На сённяшні дзень гатоўнасць тэхнікі да пасяўной кампаніі-2019 у Карэліцкім раёне складае 80%, – адзначыў вядучы спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі Сяргей Гавіна. – Неабходна ўлічваць, што гэта сярэдні паказчык, які ўтвараецца за кошт добрых тэмпаў СВК “Жухавічы”, КСУП “Лукі-Агра”, ААТ “Карэлічы-Лён”, СВК “Свіцязянка-2003”, ДП “Племзавод “Карэлічы”. У некаторых з іх рамонт пасяўной і землеапрацоўчай тэхнікі, які ажыццяўляецца ў адпаведнасці з зацверджаным Карэліцкім райвыканкамам графікам, амаль поўнасцю скончаны. Безумоўна, на першы план выходзіць фінансавы дабрабыт буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны, якія не толькі якасна рыхтуюцца да пасяўной, але і закупаюць запчасткі для кормаўборачнай і зернеўборачнай тэхнікі.

Актыўна рамантуюць плугі, сеялкі, камбініраваныя землеапрацоўчыя агрэгаты механізатары ДП “Племзавод “Карэлічы”. 80% – той вынік, якога ўжо змаглі дасягнуць аграрыі сельгаспрадпрыемства, але рамонтныя работы тэхнікі працягваюцца і сёння.

– Для таго, каб у адказны момант пасяўной кампаніі тэхніка не падвяла і працавала без замінак, ужо зроблена шмат: адрамантаваны камбініраваны шыроказахопны агрэгат, дзе заменены падшыпнікі ў катках, зубы, дарожкі. Рамонтам другога камбініраванага агрэгата сёння займаецца механізатар, – расказаў галоўны інжынер ДП “Племзавод “Карэлічы” Ігар Зайко. – Гатовы да выхаду ў поле і плугі, у якіх перад пастаноўкай на зімовае захоўванне былі заменены рабочыя органы. Закуплены неабходныя запчасткі на культыватар. У бліжэйшы час будзе праведзены яго рамонт. Маюцца на складзе і запчасткі для сеялак. Для пагрузчыкаў былі закуплены нажы, замена якіх сёння ажыццяўляецца. У студзені большая частка механізатараў адпачывала ў водпусках, але ў лютым работа па падрыхтоўцы тэхнікі будзе плённай. Увогуле, рамонт пасяўных і землеапрацоўчых адзінак імкнёмся ажыццяўляць самастойна, сіламі механізатараў гаспадаркі. На мой погляд, так яно і павінна быць, бо ніхто лепш не ведае праблемныя месцы тэхнікі, чым аграрый, які працуе на ёй не адзін сезон.

Камфортныя ўмовы працы і неабходная матэрыяльна-тэхнічная база – залог паспяховага рамонту тэхнікі. На мехмайстэрнях племзавода “Карэлічы” дзве ўмовы выконваюцца ў поўнай ступені: устаноўлены цеплагенератар, які абагравае памяшканне, працуюць такарны, кавальскі і зварачныя цэхі.

– У другой палове лютага плануем прыступіць да рамонту “Ягуара” і прэспадборшчыка “Крон”, – адзначыў галоўны інжынер ДП “Племзавод “Карэлічы”. – У сярэдзіне сакавіка пройдзе дзяржаўны тэхнічны агляд машынна-трактарнага парка гаспадаркі. Увогуле, час яшчэ ёсць, таму зробім усё, каб адрамантаваная тэхніка працавала без замінак і вясенне-палявыя работы прайшлі ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара