Адкрыла сустрэчу загадчык аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна» Вольга Жук, якая нагадала аб тым, што ў Цэнтры ўдзяляецца вялікая ўвага пытанням кібербяспекі грамадзян. Праводзяцца прафілактычныя сустрэчы, акцыі, выдаюцца памяткі і брашуры, у сацыяльных сетках і месенджарах размяшчаюцца відэаролікі.

З 25 па 31 мая на тэрыторыі раёна праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Тыдзень лічбавай граматнасці». Яе мэта: павышэнне дасведчанасці насельніцтва аб кіберпагрозах і метадах супрацьдзеяння ім, фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін у лічбавым асяроддзі, прыняцце эфектыўных мер па прафілактыцы злачынстваў у гэтай галіне. Асаблівая ўвага ўдзяляецца прадстаўнікам старэйшага пакалення. З гэтай нагоды на сустрэчу з наведвальнікамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна былі запрошаны старшы інспектар Карэліцкага РАУС Андрэй Банюк і спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг Цэнтра банкаўскіх паслуг № 411 ААТ «ААБ Беларусбанк» Ірына Кохан. Спецыялісты кожны ў сваёй галіне расказалі аб найбольш распаўсюджаных відах кіберзлачынстваў і далі практычныя парады па абароне ад іх. Нагадалі правілы паводзін у інтэрнэце і тое, як не стаць ахвярай пры ажыццяўленні фінансавых аперацый. «Работнікі праваахоўных органаў могуць толькі праводзіць прафілактычную работу ў гэтым накірунку і спадзявацца на вашыя свядомасць і ўважлівасць», — адзначыў супрацоўнік РАУС, а работнік банка заклікала прысутных звяртацца да іх за дапамогай.


Вольга Жук нагадала аб новай схеме махлярства. Зламыснікі накіроўваюць па электроннай пошце і ў месенджары паведамленні аб неабходнасці ўдакладнення адраса дастаўкі паштовага адпраўлення з указаннем спасылкі ў інтэрнэце. Пры пераходзе па ўказаным адрасе кліент трапляе на фішынгавы сайт, дзе ў яго запрошваюцца даныя банкаўскай плацёжнай карты, з якой затым спісваюцца грошы. Хочацца спадзявацца, што сустрэча пойдзе на карысць прадстаўнікам старэйшага пакалення, і яны будуць прадбачлівымі ў сваіх дзеяннях.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Алены УЦІНАЙ























