Аляксандр МЯЦЕЛІЦА, старшыня СВК «Свіцязянка-2003»:

— 2025 год стаў плённым і добрым. Дзякуючы руплівасці нашых працаўнікоў, калектыў на працягу года дабіваўся добрых вынікаў у працы. Да прыкладу, ураджайнасць зерневых і зернебабовых культур у бункернай вазе склала 78,2 цэнтнера з гектара. Плануецца атрымаць значныя паказчыкі і ў малочнай жывёлагадоўлі — 11800 кілаграмаў малака ў разліку на адну карову.
У гаспадарцы праяўляецца пастаянны клопат аб працаўніках. У 2025 годзе пабудавалі 12-кватэрны жылы дом, навасёламі якога сталі работнікі сельгаскааператыва, якія годна жывуць, сумленна працуюць і выхоўваюць дзяцей.
Сёлета ўвялі ў эксплуатацыю два кароўнікі на 400 галоў і даільна-малочны блок пры МТФ «Міратычы». Гэта дало магчымасць палепшыць умовы працы для жывёлаводаў і ўмовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы.
На працягу года ў гаспадарцы абнаўлялі машынна-трактарны парк і займаліся нарыхтоўкай кармоў для жывёлы ў поўным аб’ёме.
Спадзяюся, што наступны год будзе яшчэ больш прадуктыўным.
Ларыса РАПАВЕЦ, начальнік Карэліцкага сырцэха «Навагрудскія дары» філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат»:

— 2025 год быў для Карэліцкага сырцэха вельмі плённым і напоўненым радаснымі падзеямі. Наша малочная сям’я папоўнілася новымі супрацоўнікамі і новымі відамі прадукцыі. На прадпрыемстве паспяхова працуе 61 чалавек. Была выпушчана лінейка сыроў паўцвёрдых «Самегрело с кофе» і «Самегрело-Дуо», «Селегин с маслинами» і «Селегин с оливками» і сыроў мяккіх «Шевр». Кульмінацыяй і паспяховым завяршэннем года стала ўвядзенне ў эксплуатацыю абсталявання і непасрэдна выпуск у снежні сырных чыпсаў.
Набыта абсталяванне для фасоўкі сыра ў вакуумных кантэйнерах, абсталяванне для вытворчасці сыроў паўцвёрдых і сепарыравання малака. Гэта дазволіць не спыняцца на дасягнутым і ўкараняць новыя віды прадукцыі, каб радаваць нашых пакупнікоў, павялічваючы скарбонку ўзнагарод, а іх у нас нямала.
Калектыў зараджаны пазітывам, і мы ўпэўнены ў заўтрашнім дні і светлым будучым нашай краіны. Напярэдадні свята хачу падзякаваць усяму калектыву за плённую працу і пажадаць усім дабра, міру, здароўя, надзей на новыя дасягненні і ўпэўненасці ў тым, што мы каманда, і ўсё ў нас атрымаецца.
Дзяніс СТАДОЛЬНІК, начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

— У 2025 годзе калектыў Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады, а таксама з зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі забяспечвалі бяспечныя ўмовы знаходжання грамадзян на тэрыторыі раёна. У 2025 годзе матэрыяльна-тэхнічная база раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях палепшылася. Пабудаваны гараж на тры машына-месцы, што дазваляе размясціць аўтацыстэрны цяжкага тыпу. Атрымалі службовы легкавы аўтамабіль.
У гэтым годзе прыйшлі на працу два маладыя спецыялісты, якія былі прызначаны начальнікамі каравулаў у г.п. Карэлічы і г.п. Мір.
Мы будзем і ў 2026-м імкнуцца забяспечваць бяспеку грамадзян і тэрыторый.
Алена ВЯРБІЦКАЯ, дырэктар сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:

— Гэты год быў паспяховым для нас. Па выніках 2024-2025 навучальнага года чатыры выпускнікі базавай школы атрымалі пасведчанні з адзнакай. Маем пяць медалістаў за курс сярэдняй школы. 100-бальны вынік на ЦЭ па біялогіі — у Міланы Арабей.
Адбыўся першы выпуск інжынернай групы ў рамках супрацоўніцтва з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. З 10 выпускнікоў 8 выбралі інжынерныя спецыяльнасці.
Ярка праявілі сябе навучэнцы педагагічнай групы: каманда ўзнагароджана спецыяльным Дыпломам у намінацыі «За пошук новых педагагічных рашэнняў» па выніках удзелу ў VІІ Фестывалі педагагічных класаў, а таксама адзначана сертыфікатам фіналістаў у абласным конкурсе.
Ганарымся пераможцамі абласных алімпіяд — Аляксандрам Балабановічам па нямецкай мове і Ільёй Жуком па матэматыцы.
80-годдзе Вялікай Перамогі — значная падзея ў жыцці школы. Мы сталі ўдзельнікамі абласнога праекта «Чырвоная Зорка Героя». На трох помніках ветэранаў вайны прымацавалі Зоркі.
З нагоды 80-годдзя Вялікай Перамогі Дыплома пераможцы (трэцяе месца) Рэспубліканскага конкурсу творчых работ навучэнцаў «Нам жыць і помніць!» удастоена выпускніца Юлія Чыж.
Ганарымся і Уладзіславам Буськом, вучнем 4 «Б» класа, які атрымаў Дыплом І ступені на абласным этапе і Дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу «Дарогамі воінскай славы» героіка-патрыятычнай акцыі «Вялікай Перамозе — 80». Уладзіслаў узнагароджаны Дыпломам лаўрэата абласной прэміі імя Героя Беларусі Аляксандра Іосіфавіча Дубко.
Вучаніца 9 «А» класа Марыя Новік узнагароджана Дыпломам ІІІ ступені ў абласным конкурсе работ даследчага характару «Крыштальная Альфа».
Дзіцячы аздараўленчы лагер «Астравок дзяцінства» адзначаны Дыпломамі І і ІІ ступені ў конкурсе відэасправаздач Рэспубліканскага экскурсійнага марафону «Дзіцячы аўтапоезд».
На працягу трох гадоў трымаем пазіцыі ў абласным аглядзе-конкурсе «Самая спартыўная школа» (другое месца).
Мы вельмі рады, што атрымалі перамогу ў намінацыі «Інтэлектуальнае мерапрыемства» ў рамках эстафеты «Здаровае будучае» праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі».
У Год добраўпарадкавання сумесна з бацькамі і вучнямі высаджаны алея з 20 туй і кампазіцыя дэкаратыўных кустоў.
2025 год быў вельмі добрым. Усіх віншую з Новым Годам і Калядамі, і няхай 2026-ы будзе крэатыўным і паспяховым.
Анаіт АРЗУМАНЯН, загадчык сектара па інфармацыйна-метадычнай рабоце і сувязях з грамадскасцю музея «Замкавы комплекс «Мір»:

— У духу абвешчанага Года добраўпарадкавання мы ўсёй сям’ёй прысвяцілі яго ўладкаванню нашага новага дома, ператвараючы яго ў сапраўднае ўтульнае гняздзечка. І зараз гэта месца сілы і гасціннасці, напоўненае цеплынёй зносін і радасцю ад таго, што мы можам збіраць за адным сталом усіх самых блізкіх. Паралельна мы шмат падарожнічалі па Беларусі, і асаблівая глыбіня была ў наведванні месцаў воінскай славы (Лінія Сталіна, музей Вялікай Айчыннай вайны, Брэсцкая крэпасць) — гэта наш сямейны ўклад у памяць аб 80-годдзі Вялікай Перамогі. Я веру, што лепшы спосаб прывіць дзецям сямейныя каштоўнасці — гэта жывы прыклад і агульныя перажыванні. Таму ўсе нашы вандроўкі былі не проста экскурсіямі, а асэнсаваным крокам, каб разам дакрануцца да гісторыі і адчуць, што такое сапраўдная памяць і гонар. У прафесіі гэта быў перыяд творчай экспансіі: я рэалізавала даўнюю мару аб курсах па маркетынгу і ўдзельнічала ў праектах аб Мірскім замку, якія, спадзяюся, расказалі аб нашай спадчыне не толькі беларускай аўдыторыі, але і за межамі рэспублікі.
Наталля ГАРОДНІК, дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці:

— 2025 год быў насычаным на яркія і цікавыя падзеі. Сярод знакавых — 80-годдзе Вялікай Перамогі, 85-годдзе Карэліцкага раёна, святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якія пакінулі след у культурным жыцці раёна.
Фальклорна-танцавальны калектыў «Спадчына» прыняў удзел у ХІІ Міжнародным турніры нацыянальных танцаў «Танчым разам» у межах ХХХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», дзе быў адзначаны Дыпломам І ступені, як і танцавальная пара ў складзе Кірыла і Таццяны Дубковых.
За выкананне паказчыкаў плана развіцця за 2024 год на раённую Дошку гонару занесены філіял «Жухавіцкі Дом культуры».
Па-ранейшаму багатым на ўзнагароды год быў і для майстроў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў: яны атрымалі Дыпломы рознага ўзроўню на абласных і рэгіянальных святах.
На працягу года ўпершыню былі прадэманстраваны прэм’еры стужак «Беларусьфільма»: «Птица Феникс», «Наши символы», «Классная», «Переломный момент».
Упэўнена, што 2026 год будзе цікавым на новыя культурныя праекты.























