У пачатку мерапрыемства намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Юлія Ліхута патлумачыла, што з 29 верасня па 3 кастрычніка праводзіцца 2-ая Рэспубліканская ярмарка вакансій для пажылых і людзей з інваліднасцю. На Карэліччыне яна праходзіць у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і разлічана на людзей сярэбранага ўзросту і людзей з інваліднасцю, якія могуць пагутарыць з наймальнікамі, атрымаць кансультацыі па садзейнічанні ў працаўладкаванні, пытаннях пенсійнага і працоўнага заканадаўства.

На сустрэчу прыйшлі наймальнікі з арганізацый і ўстаноў раёна: Карэліцкай ЦРБ, КСУП «Царука» і «Малюшычы», ААТ «Карэлічы-Лён» і «Карэліцкая сельгастэхніка», РУП ЖКГ, УП КБА, Карэліцкага РЦКіНТ.
У вялікім пакоі ЦСАН, дзе праходзіць ярмарка вакансій, шматлюдна. Адзін за адным сюды заходзяць наведвальнікі, і кожны са сваёй просьбай. З імі праводзяцца гутаркі і даюцца тлумачэнні.
Жыхарка райцэнтра Валянціна Хіневіч расказвае: «Я прыйшла на ярмарку вакансій пацікавіцца, якую працу мне могуць прапанаваць. Цяпер буду думаць над прапановамі”.


У рамках правядзення ярмаркі ўдзельнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ЦСАН Карэліцкага раёна прэзентавалі вырабы ручной работы, якія яны ствараюць у гуртках. Сувеніры прыйшліся даспадобы, і некаторыя наймальнікі набылі іх на памяць.

Напрыканцы сустрэчы начальнік упраўлення пра працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш адзначыла, што для грамадзян перадпенсійнага, пенсійнага ўзростаў, людзей з інваліднасцю было прадастаўлена больш за 130 вакансій. Сярод іх — прадаўцы, вадзіцелі, трактарысты, рабочыя па абслугоўванні пабудоў і збудаванняў, у галіне ЖКГ, устаноў сістэмы МУС і іншыя. Наведвальнікі ярмаркі вакансій прайшлі гутаркі і атрымалі кансультацыі — 29 чалавек не толькі з райцэнтра, але з вёсак раёна, і 7 інвалідаў, якія маюць працоўныя рэкамендацыі.
— Перадпенсійны і пенсійны ўзрост, інваліднасць не перашкода для працаўладкавання. На Карэліччыне ёсць для гэтага магчымасці, — рэзюмавала Іна Аляксандраўна.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ
























