На працягу шматлікіх гадоў у сярэдняй школе № 1 г.п. Карэлічы функцыянуе лагер «Астравок дзяцінства». Восем апошніх гадоў яго ўзначальвае Іна Мікалаеўна Суднік. Кіраўнік ахвотна апавядае пра яго дзейнасць:
— Выхаваўча-аздараўленчы лагер дае добрыя зносіны, разнастайны і захапляючы адпачынак, магчымасць праявіць сябе ў розных конкурсах і гульнях. Для дзяцей праводзяцца культурна-аздараўленчыя мерапрыемствы.


Нам, педагогам, даецца магчымасць у даступнай і гульнёвай формах выхоўваць у дзяцей асновы грамадзянскасці і патрыятызму. Гэта падразумявае любоў і павагу да Радзімы, яе гісторыі, прыроднай спадчыны, а таксама — гонар за гераізм беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Зараз лагер наведваюць 20 дзяцей ва ўзросце ад шасці да дзесяці гадоў — вучні першых-чацвёртых класаў. Пра іх адпачынак праяўляюць клопат начальнік лагера і каманда выхавальнікаў.
Сёлета змена пачалася 29 снежня пад дэвізам: «Зімовая карусель» і працягнецца па 6 студзеня. Для дзетвары прадугледжаны спартыўныя мерапрыемствы, забаўляльныя праграмы, якія прысвечаны Новаму году і Калядам.

Паклапаціліся ў навучальнай установе і пра харчаванне дзяўчынак і хлопчыкаў. Яно паўнацэннае і разнастайнае: сярод першых страў — суп, боршч, капуста, расольнік, другіх — бульба па-вясковаму, нагетсы, катлета «Папараць-кветка», рыбнае філе, а таксама штодзённа гатуюцца салаты са свежай агародніны. Дзеці атрымліваюць свежую садавіну і прысмакі.

Сапраўдным сюрпрызам для наведвальнікаў лагера стане наведванне Нацыянальнай бібліятэкі і Дзяржаўнага цырка ў Мінску.
— Выхаваўча-аздараўленчыя лагеры пры сярэдняй школе № 1 г.п. Карэлічы функцыянуюць падчас усіх канікул. У летні перыяд адпачынак разлічаны на 15 дзён, на асенніх, зімовых, вясновых — на 5. Сярод яго наведвальнікаў ёсць пастаянныя, якія не мінаюць ніводную змену і атрымліваюць задальненне, а мы, педагогі, рады гэтаму, — адзначыла начальнік лагера.
У сямі з дзесяці школ раёна на зімовых канікулах функцыянуюць лагеры. У іх адпачывае 100 дзяцей.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Андрэя ДЗЯНІСКА























