Сёлета Карэліцкі раён адзначыць 85-годдзе з дня ўтварэння. Гэта свята значымае для кожнага, хто любіць сваю малую радзіму, хто ўносіць уклад у яе станаўленне і развіццё. Карэліччына — дзіўнае месца, гэтую зямлю нельга не любіць, яна добрая і гасцінная, прывабная ў любую пару года. Дзякуючы стваральнай працы карэліччан наш раён расце і прыгажэе, упэўнена глядзіць у будучыню і крочыць у нагу з часам.
Сёння неабходна нагадаць і той факт, што адной з найважнейшых умоў чалавечага развіцця, а такім чынам і працоўнага патэнцыялу, з’яўляецца адукацыя людзей. Менавіта яна павялічвае здольнасць чалавека рэалізаваць свае мэты і магчымасці, пашырае маштабы і спектр сацыяльнага выбару, забяспечвае адаптацыю асобы да патрабаванняў навакольнага свету. У юбілейны для раёна год хочацца расказаць пра дзіўнага чалавека Уладзіміра Альбінавіча Кадлубая, ветэрана педагагічнай працы, былога дырэктара Мірскага дзяржаўнага каледжа і былога старшыню Мірскага сельсавета, ды ўвогуле, пра чалавека, які пакінуў яркі след у гісторыі рэгіёна.
Зараз пра яго можна смела сказаць — сапраўдны паспяховы дырэктар і граматны грамадскі дзеяч.
Якім павінен быць дырэктар установы адукацыі? Такім, як Уладзімір Альбінавіч. Стойкім, з упартым характарам, патрабавальным, з імкненнем самаўдасканальвацца не толькі самому, але і ўдасканальваць усё вакол сябе: каледж, педагагічны калектыў, навучэнцаў. Тактоўны і граматны, дырэктар — гэта дыпламат, гатовы ў любой сітуацыі ўступіць у дыялог.
Нарадзіўся і вырас Уладзімір Альбінавіч у 1950 годзе ў вёсцы Рамейкі Райцаўскага сельсавета. У 1966 годзе скончыў Варанчанскую школу і пайшоў вучыцца ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Пачынаў сваю педагагічную дзейнасць у Малюшыцкай школе, а пасля арміі прыйшоў у родную Варанчанскую сярэднюю школу, дзе сустрэў сваю будучую жонку, аднадумца і правую руку па жыцці, Людмілу Аляксандраўну. У 1972 годзе завочна паступіў у Гродзенскі педінстытут на гістарычны факультэт. Настаўнік сельскай школы — гэта энтузіяст, патрыёт школы і вёскі, успрымае вучняў як сваіх уласных дзяцей, адданы справе, клапатлівы і працавіты, сціплы і бескарыслівы. Педагог хутка быў заўважаны кіраўніцтвам раённага аддзела адукацыі і ў 1981 годзе назначаны дырэктарам Варанчанскай сярэдняй школы. Амаль праз восем гадоў быў пераведзены ў Мірскае прафтэхвучылішча, дзе некаторы час быў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У 1991 годзе ў яго жыцці адбыліся вялікія перамены: Уладзімір Кадлубай быў выбраны старшынёй Мірскага сельсавета, працы якой прысвяціў больш дзевяці гадоў.
Зусім проста ён увайшоў у новы калектыў. З першых хвілін здолеў звярнуць на сябе ўвагу. Заўсёды ветлівы, энергічны, добразычлівы. Яго ўпэўнены голас, добрыя вочы прыцягвалі да сябе людзей, узбагачалі іх ідэямі, практычным удзелам, зараджалі іх аптымізмам, верай у свае сілы, прадвызначаючы тым самым поспехі на іх шляху.
— Нельга быць чалавекам і не быць ім, — гаворыць Уладзімір Альбінавіч словамі вялікага філосафа, якія даўно ўжо сталі афарызмам. А быць чалавекам у яго разуменні — рабіць людзям дабро.
Шчырасцю і ўвагай да лёсаў людзей, душэўнай прастатой і бескарыслівасцю ён заваяваў сэрцы не толькі жыхароў г.п. Мір, але і вяскоўцаў. Яго шанавалі і паважалі. Але калі старшыня сельсавета стаў унікаць у такія, здавалася б, простыя паняцці, як самакіраванне, вырашэнне пытанняў мясцовага значэння, халадок падкаціў да самога сэрца. Як справіцца з лавінай спраў, калі ўвесь сельсавет — тры штатныя адзінкі, калі сродкаў — кот наплакаў, калі ёсць абавязкі і амаль ніякіх магчымасцяў для іх выканання?..
— Звычайным людзям можа падацца, што мясцовая ўлада — міф, — разважае суразмоўца. — Сядзіць, маўляў, старшыня сельсавета ў сваім кабінеце, а жыццё праносіцца міма. Ну даведку выдасць, штамп паставіць, спісы патрэбныя складзе, адкажа на званкі з раёна і ад вяскоўцаў, сам кудысьці патэлефануе: праінфармуе або папросіць. Што ж гэта за ўлада такая, якая нічога не вырашае? А яшчэ трэба ўлічыць той складаны час, ліхія дзевяностыя…
Можа быць, вялікай улады і няма, але ёсць яе цяжар. І называецца ён жыццезабеспячэнне жыхароў вёсак на тэрыторыі сельсавета. А гэта медыцына (ФАПы), гандаль, водазабеспячэнне, пажарная бяспека, стан дарог, на той час і збор малака ад людскіх кароў, асвятленне вуліц, догляд за могілкамі і помнікамі загінулым воінам і партызанам. А прыватныя гаспадаркі… Вясковец жыве, пакуль нешта робіць на зямлі. Старасць пазбаўляе яго сіл, але не знішчае сялянскую душу. І душа гэтая патрабуе ўзараць зямлю на агародзе, пасадзіць, а потым сабраць ураджай. І ўсе гэтыя шматлікія абавязкі кладуцца на плечы сельсавета. І калі ты можаш хай і на самую драбніцу зрабіць жыццё вяскоўцаў лепшым, то не шкадуй для гэтага ні сіл сваіх, ні сэрца. Такая ўстаноўка была закладзена ўнутры мяне. І я няўхільна быў верны ёй.
За гады працы ў сельсавеце Уладзімір Альбінавіч назапасіў бясцэнны вопыт кіраўніка, і таму, калі ў красавіку 2000 года паспупіла прапанова стаць дырэктарам мясцовага каледжа, даў згоду.
– Быць педагогам – складана, а займаць пасаду кіраўніка – яшчэ складаней. У каледж, як правіла, прыходзяць навучэнцы, у якіх ёсць сваё меркаванне ў адносінах да каледжа, выкладчыкаў і адукацыйнага працэсу ў цэлым. Большасць з іх трэба матывававаць, некаторых – выхоўваць, прывучаць да працы, прывіваць павагу да сваёй прафесіі. Гэта немагчыма зрабіць без поўнай самааддачы і любові да таго, што робіш кожны дзень.
За 13 гадоў работы дырэктарам высокім прафесіяналізмам, самакрытычнасцю, патрабавальнасцю да сябе і калег Уладзімір Кадлубай заваяваў заслужаны аўтарытэт сярод калег, навучэнцаў і іх бацькоў.
– Нам вельмі пашанцавала, што ў нас быў такі кіраўнік, – адзначаюць былыя калегі. – У нашага дырэктара было чаму павучыцца. Гэта быў граматны, кампетэнтны, мудры чалавек, ён заўсёды ўзважваў свае рашэнні, ніколі не рабіў неабдуманых учынкаў. Да выканання пастаўленых перад установай адукацыі задач адносіўся творча і крэатыўна, заўсёды падштурхоўваў калектыў да нечага новага. Так, напрыклад, па яго ініцыятыве на базе ўстановы былі створаны свая лесапілка, сушыльны цэх, ды і ўвогуле, заўсёды ўдасканальвалася і абнаўлялася матэрыяльна-тэхнічная база. Таму наш калектыў і сёння ніколі не спыняецца на дасягнутым.
За шматгадовую педагагічную працу, вялікі асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, за ўдзел у грамадскай дзейнасці ветэран педагагічнай працы Уладзімір Альбінавіч не раз атрымліваў узнагароды розных узроўняў. Яны яскравы доказ прафесіяналізму і таго, што чалавек сапраўды знаходзіўся на сваім месцы.
Сямейныя каштоўнасці…
Былы дырэктар каледжа – шчаслівы сем’янін. Яго жонка Людміла Аляксандраўна ўсё жыццё працавала настаўнікам. Разам выхавалі двух дзяцей. Дачка Аксана і сын Аляксандр пайшлі па слядах бацькоў, вывучыліся на гісторыкаў, тым самым працягнуўшы сямейную дынастыю педагогаў. Зараз дачка ў Маскве, а сын жыве і працуе ў Мінску. Ён стаў вядомым і паважаным чалавекам, займае пасаду намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Суразмоўца прызнаецца, што заўсёды знаходзіў час для сваёй сям’і.
… і любімыя заняткі…
– Вядома, калі працаваў, то часу на так званыя хобі заставалася вельмі мала. Але з выхадам на пенсію люблю працаваць на зямлі, даглядаць пладовыя дрэвы, збіраць вырашчаны ўраджай садавіны і агародніны. А яшчэ вельмі люблю рыбалку, і сына прывучыў. Зараз кожны год, улетку, ездзім з начоўкай на Прыпяць, – падзяліўся Уладзімір Альбінавіч.
Былому кіраўніку не проста ўдавалася сумяшчаць педагагічную дзейнасць, але ўсюды выкладвацца па-максімуму. Ён упэўнены, што ніколі нельга спыняцца на дасягнутым, трэба ісці наперад, ва ўсім прытрымліваючыся прынцыпаў прыстойнасці і чалавечнасці. А галоўнае – шчыра любіць тое, чым займаешся.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






