У канцы кастрычніка мінулага года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ “Аб сацыяльнай падтрымцы”, асноўныя палажэнні якога ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2025 года. Пра тое, што мяняецца ў жыцці людзей, больш падрабязна даведаліся ў начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іны Богуш.
Дакумент, паводле яе слоў, прадугледжвае меры, накіраваныя на адмену абмежавання памераў пенсій працуючым пенсіянерам, спрашчэнне парадку прызначэння і атрымання пенсіі, а таксама дадатковую сацыяльную падтрымку сем’яў з дзецьмі, бацькоў дзяцей-інвалідаў.
— Іна Аляксандраўна, якія змены адбыліся ў пенсійных выплатах, якімі сталі патрабаванні да страхавога стажу?
— Страхавы стаж (стаж працы з выплатай страхавых узносаў у ФСАН) з 2025-га і ў наступныя гады складае 20 гадоў. Наяўнасць такога стажу абавязкова для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў. Жанчыны выходзяць на пенсію ва ўзросце 58 гадоў, мужчыны — у 63 гады. Неабходна адзначыць, што з 1 студзеня 2025 года жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, страхавы стаж для прызначэння пенсіі па ўзросце зніжаецца з 10 гадоў да 5 гадоў, як гэта прадугледжана для жанчын з пяццю і больш дзецьмі.
Акрамя гэтага, спрошчаны парадак звароту за прызначэннем пенсіі. Так, напрыклад, да 2025 года заяву аб прызначэнні пенсіі па ўзросце трэба было падаваць у дзень набыцця права на яе, гэта значыць у дзень дасягнення работнікам пенсійнага ўзросту. А ўжо з пачатку 2025 года для спрашчэння гэтай працэдуры ўводзіцца права звароту з заявай як за месяц да ўзнікнення права на пенсію, так і на працягу аднаго месяца пасля.
Змены не закранаюць пенсіі па інваліднасці альбо з нагоды страты карміцеля (яе можна атрымаць за мінулы перыяд).
— Як улічваецца дэкрэтны водпуск пры назначэнні пенсіі?
— Перыяды водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў улічваюцца ў агульны стаж і тым самым улічваюцца пры вылічэнні памеру пенсіі. Пры тым гэтыя перыяды ўключаюцца ў стаж толькі аднаму з бацькоў або працаздольных асоб, якія ажыццяўлялі догляд.
Аднак для назначэння працоўнай пенсіі неабходны не толькі агульны стаж, але і стаж работы з выплатай страхавых узносаў у пенсіённы фонд, так званы страхавы стаж. Таму перыяды водпуску (догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў) у страхавы стаж не залічваюцца.
— Што самае важнае ў новым Законе “Аб змяненні законаў па пытаннях ветэранаў”?
— Тут праведзена комплексная карэкціроўка заканадаўства па пытаннях ветэранаў з улікам практыкі яго прымянення. Так, актуалізаваны катэгорыі ветэранаў, ільготы і гарантыі, якія прадастаўляюцца ім і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў. Гэта адбываецца ў тым ліку ў рамках гарманізацыі заканадаўстваў Беларусі і Расіі.
Зусім нядаўна мы адзначалі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Хочацца засяродзіць увагу на навацыях, звязаных з гэтай катэгорыяй ветэранаў. Так, сёння на Карэліччыне пражываюць 57 ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, з іх тры інваліды.
Ветэранам баявых дзеянняў з ліку ваеннаслужачых прадастаўлена права на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, выраб і рамонт зубных пратэзаў, пазачарговае абслугоўванне ў арганізацыях аховы здароўя і шпіталізацыю.
Таксама для ветэранаў баявых дзеянняў, хто атрымаў статус інваліда ў мірны час, зніжаны пенсійны ўзрост на пяць гадоў. Да таго ж ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў з ліку работнікаў, якія накіроўваліся ў Афганістан у 1979-1989 гадах, устаноўлена штомесячнае павышэнне памеру пенсіі на 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. З 1 лютага гэта 111,91 рублёў.
— Што новага ў Законе “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей»?
— Так, з 1 лютага па 31 ліпеня 2025 года памеры дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў выраслі на 10,8% і складаюць:
— на першае дзіця — 861,42 руб. (+83,61 руб.);
— на другое і наступных дзяцей — 984,48 руб. (+95,56 руб.);
— на дзіця-інваліда — 1107,54 руб. (+107,5 руб.).
З 1 лютага па 30 красавіка 2025 года павялічыліся і памеры дзяржаўнай дапамогі сем’ям пры нараджэнні дзіцяці: першага — аднаразовая дапамога складае 10 БПМ, або 4476,40 руб., другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 6266,96 руб.
Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, зараз выплачваецца ў памеры 100% БПМ, або 447,64 руб., дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (штомесячная) — у памеры 50% БПМ, або 223,82 руб. Памер штомесячнай дапамогі сем’ям на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў на дзіця-інваліда — 70% БПМ, або 313,35 руб., на іншых дзяцей у сям’і — 223,82 руб., або 50% БПМ.
Штомесячныя дапамогі па догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складаюць 100% БПМ, або 447,64 руб. (з I і II ступенню страты здароўя і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў), і 120% БПМ, або 537,17 руб. (з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў); штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванага ВІЧ, — 70% БПМ, або 313,35 руб.
Пры выхаванні ў сям’і двух і больш дзяцей, адно з якіх ва ўзросце да 3 гадоў, выплачваюцца дзве дапамогі: на дзіця да 3 гадоў (40% СЗП) і дзіця (дзяцей) ад 3 да 18 гадоў (50% БПМ). Сумарны памер дзвюх дапамог складзе 1208,3 руб.
Кацярына КУКАНАВА
Аляксандр Манько, ветэран афганскай вайны:

— Прыняцце Закона па пытаннях ветэранаў — гэта праяўленне клопату і павагі перш за ўсё да нашых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі важна, што ў юбілейныя гады, калі мы ўшаноўваем агульнанародны гістарычны подзвіг, дзяржава не толькі захоўвае, але і ўзмацняе сацыяльныя гарантыі падтрымкі такіх людзей. Прыемна і тое, што гэтыя змены закранулі і нас, ветэранаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. Так, зніжаны пенсійны ўзрост на 5 гадоў для асоб, якія атрымалі статус інваліда ў мірны час. Лічу немалаважным і той факт, што воінам-інтэрнацыяналістам прадастаўлена права на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне і іншыя льготы.
Дзіяна Ракач, маці дваіх дзяцей, жыхарка г.п. Карэлічы:

— Думаю, кожны бачыць і разумее, што дзяржава ўвесь час клапоціцца пра бацькоў, на плячах якіх ляжыць адказная місія — выхаванне дзіцяці. І тое, што павысіўся памер дапамогі па догляду дзіцяці, з’явілася больш магчымасцей купіць нешта карыснае, безумоўна, радуе. Лічу, што такая значная падтрымка — гэта своеасаблівая гарантыя таго, што дзеці будуць забяспечаны ўсім неабходным.
Зоя Зусько, ветэран працы:

— Пенсію атрымліваю ўжо трэці год, але дагэтуль працую. У недалёкім мінулым я настаўнік пачатковых класаў. Пасля дасягнення пенсійнага ўзросту змяніла сферу дзейнасці і зараз працую ў філіяле “Баранавіцкі сельскі клуб-бібліятэка”. У мяне больш 40 гадоў бесперапыннага працоўнага стажу, ветэран працы. Пенсіяй задаволена, плюс заробак — хапае. Так, стараюся і дзецям дапамагчы. Чарговаму павышэнню пенсіі, вядома ж, рада. Бачу, што дзяржава падтрымлівае нас, пенсіянераў. Гэта ўжо не першае змяненне пенсіі і ў сумарным эквіваленце для кашалька адчувальна.






















