Вёска Качаны Турэцкага сельсавета сустрэла маляўнічымі краявідамі і цішынёй. Знайсці дом Эміліі Іосіфаўны Цэлагуз нескладана — ён выдзяляецца сваёй непаўторнасцю. Летась у конкурсе па добраўпарадкаванні населеных пунктаў жанчына заняла трэцяе месца.
Адкуль карані
— Я родам з вёскі Шашкі Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, — пачала аповед гаспадыня. — Вёска не старая, на працу ў мясцовы калгас выходзілі 120 жанчын і 90 мужчын. Тут была пачатковая школа, затым хадзілі ў суседнюю вёску Кругловічы.
Бацькі Эміліі вяршынь навукі не скаралі — тата працаваў у леспрамгасе, матуля — паляводам. Яны вельмі хацелі, каб дачка вучылася. Бацька ганарыўся, калі дзяўчынка са сцэны вясковага клуба чытала вершы.
Пасля заканчэння школы Эмілія паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага на фізічны факультэт. Па размеркаванні паехала на працу ў школу вёскі Аслянка Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Педагогам адпрацавала шэсць гадоў, затым дваццаць два гады — інжынерам-праграмістам на «Інтэграле» ў сталіцы.
Дом мяняе выгляд
У 2012 годзе Эмілія Іосіфаўна разам з дзецьмі вырашылі купіць дом у вёсцы Качаны. Вясной пачалі з таго, што набылі трымер. Сын Сяргей пачаў абкошваць тэрыторыю. Дачка Наталля зграбала палёгшую шматгадовую траву.

— У вёсцы заўсёды паважалі тых, хто працуе, — дзеліцца ўспамінамі жанчына. — Вось вясковы мужчына і прапанаваў дапамагчы заараць прысядзібны ўчастак. Затым зрабілі градкі і пасадзілі гародніну. Кавалачак зямлі ўпрыгожылі цюльпанамі.
Наступны этап — навядзянне парадку ў хаце. Сям’я зняла старыя шпалеры і паклеіла новыя. Купілі фарбу і пафарбавалі будынак. Дзень за днём, месяц за месяцам ён мяняў свой выгляд. Праз чатыры гады абшылі сайдынгам, памянялі дах, накрылі веранду, зрабілі прыбудову.
— Будаўнікоў Бог пасылаў добрых, — успамінае Эмілія Іосіфаўна. — Яны не толькі шчыра працавалі, але давалі карысныя парады, як найлепш абуладкаваць дом — будынак паступова мяняў свой выгляд.

Прызнанне ў любові
У вёсцы Качаны — пяць жылых дамоў, у іх жывуць адзінаццаць чалавек, якія новай жыхарцы моцна падабаюцца за характар, адкрытасць, добразычлівасць. «Яны заўсёды прыйдуць на дапамогу. Іх проста так немагчыма пачаставаць, абавязкова атрымаеш штосьці ўзамен», — з гонарам апавядае субяседніца.
Эмілія Іосіфаўна прызналася, што моцна любіць беларускіх жанчын. На яе думку, яны вядуць годны лад жыцця, таму нездарма 2026 год названы ў іх гонар. Беларускі шмат працуюць, усёй душой любяць сям’ю. Добрыя словы адрасавала і ў адрас мужчын Гродзеншчыны, якія ганарацца родзічамі, цэняць зямлю і шчыра на ёй працуюць.
У карагодзе хараства
— Мая сям’я — я, дачка Наталля, сын Сяргей, — гаворыць маці і дадае: «Мы трымаемся адзін аднаго. Усе работы па доме і на прысядзібным участку выконваем разам. Кветкі садзіць дачка Наталля і ўкладвае ў іх душу.»
Сапраўды, калі трапляеш на падворак, перахоплівае дух, а вочы разбягаюцца ад непаўторнай прыгажосці. Чаго тут толькі ні ўбачыш! Градкі зроблены па-сучаснаму: аздоблены драўлянымі агароджамі. А колькі тут шматлетнікаў! Што да гартэнзіі — яна сапраўдная чараўніца. А вось прайсці і не спыніцца каля вяргінь-прыгажунь было немагчыма — яны вярталі ў гады дзяцінства.

Ні адзін кавалачак зямлі тут не пустуе. У карагодзе рознакаляровага хараства раствараешся — і дзякуеш гаспадыні за цуда. Гэтая нялёгкая праца заслугоўвае таго, каб прыгажосць радавала як саміх гаспадароў, так і тых, хто душой дакранаецца да яе.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ








