Адкрыла яго вядучая, загадчык аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ЦСАН Карэліцкага раёна Вольга Жук і павіншавала прысутных з Днём мудрасці і павагі. Яна зрабіла экскурс у гісторыю танцаў. Сярод народных — «Кругавая Лявоніха», «Нарэчанька», «Падыспан», «Лядкаўская кадрыля», полька, вальс.


Мастацкі кіраўнік фальклорнага калектыву «Спадчына» Карэліцкага РЦКіНТ Юлія Шахрай запрасіла прысутных у зале патанчыць — і людзі залатога ўзросту ахвотна згадзіліся. Рух за рухам — на тварах выканаўцаў усмешкі. І гэта зразумела: танец — магутнае праяўленне пачуццяў і эмоцый. У іх гэта атрымлівалася на ўра.
Добры настрой дапамагалі стварыць удзельнікі народнага ансамбля музыкі і песні «Цырынскія музыкі» — яны падарылі цудоўныя мелодыі.

Падчас правядзення мерапрыемства была арганізавана танцавальная віктарына. На пытанні яе ўдзельнікі адказвалі хутка, і адчувалася, што танец ведаюць добра і любяць танчыць.
Этнадыскатэка з майстар-класам па народных танцах удалася на славу.

Жыхарка райцэнтра Святлана Віктараўна Раманюк прызналася:

— Сюды мяне паклікала душа — падабаюцца мерапрыемствы, якія праводзіць ЦСАН Карэліцкага раёна. Цэнтр наведваю амаль з самага пачатку заснавання. Хадзіла ў гурток рукадзелля, зараз — на ўсе святы. Сённяшнія танцы ў Дзень пажылых людзей — эліксір для душы. Усё-такі як здорава мы танчылі!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ








