Зусім нямнога часу засталося да абласных «Дажынак», якіх з нецярпеннем чакаюць на Карэліччыне. У райцэнтры поўным ходам вядуцца работы па добраўпарадкаванні. Стараюцца не толькі будаўнікі, каб навесці парадак на вуліцах гарпасёлка, але і многія жыхары ўсё робяць для таго, каб падворкі мелі належны выгляд.
Свята адно на ўсіх
Людміла Касаткіна жыве ў доме па вуліцы Савецкай пад нумарам 5/1. Гэта ў самым цэнтры гарпасёлка — да галоўнай плошчы рукой падаць. Жанчына не толькі любіць святы, але і дапамагае ладзіць іх. Яе выхаванцы, удзельнікі ўзорна-танцавальнага калектыву «Юнацтва» Карэліцкай дзіцячай музычнай школы, прымаюць у іх актыўны ўдзел. Да абласных «Дажынак» яны таксама рыхтуюцца і хочуць прадэманстраваць сваё майстэрства.

— Гэта вялікае свята аграрыяў, — гаворыць жанчына. — На Карэліцкай зямлі заўсёды шчыра працавалі і вырошчвалі добрыя ўраджаі, а хлеб — гэта святое. Вось таму да свята захацелася навесці ідэальны парадак каля дома. Як ні кажыце: шмат людзей прыедзе на «Дажынкі», і хочацца, каб госці адчувалі сябе камфортна.
Людміла Касаткіна памыла дах свайго дома і пафарбавала яго. У 2027 годзе будынку споўніцца 100 гадоў, але выглядае ён як належыць. Таксама гаспадыня зрабіла кветнік, падстрыгла туі, пасадзіла бягоніі і петуніі. Вочы радуюць ружы, а вокны ўпрыгожаны кашпо з кветкамі. Атрымаўся сапраўдны астравок прыгажосці.



За парадак — усёй сям’ёй
Сям’я Логіш з райцэнтра — шматдзетная. Яны ўжо былі героямі нашых артыкулаў. Але як высвятляецца, яны застаюцца героямі і паўсядзённага жыцця. Да ўсяго ў іх справа, і рукі як бацькоў, так і дзяцей не баяцца ніякай працы. Дарэчы, у сям’і — чацвёра сыноў.
Дом пад нумарам 7 па вуліцы Царука радуе вочы, як і прылягаючая тэрыторыя. Тут наведзены парадак у двары. Растуць яблыні, грушы, вішні. Ёсць кветнік. Пра парадак клапоцяцца ўсёй сям’ёй.



— Вельмі добра, што ў Карэлічах будуць абласныя «Дажынкі», — гаворыць Ірына Логіш. — Праўда, яшчэ работы шмат, але калі закончаць, якая прыгажосць будзе. На нашай вуліцы пракладзены асфальт і пафарбаваны платы — і ўжо прыемна. А як добра будзе, калі ўсё будзе даведзена да ладу. Ад нас, гаспадароў, залежыць парадак каля сваіх дамоў. Удзельнікам і гасцям свята трэба паказаць сваю гасціннасць і гаспадарлівасць. Працаўнікам сельскай гаспадаркі хочацца выказаць словы шчырай падзякі за хлеб на стале і тое, што маем.
Люблю Карэлічы ўсім сэрцам
— Гэта бацькоўскі дом, — апавядае Тамара Дасько, якая жыве па вуліцы Жалезняковіча, 29, і дадае, што пераехала з Мінска пасля таго, як не стала бацькоў. Іх старасць дагледзела, апошнія гады жыцця прыязджала кожны тыдзень. Каля дома заўсёды быў парадак, зараз яго падтрымлівае і садзіць кветкі. Бацькі працавалі ў бытавым абслугоўванні, у іх працоўнай кніжцы — толькі адзін запіс. Яны былі сумленнымі і працавітымі людзьмі.








З гонарам Тамара Георгіеўна адзначыла, што Карэлічы — гэта радзіма, якую любіць усім сэрцам. Па яе меркаванні, вельмі добра, што ў раённых цэнтрах праводзяцца абласныя «Дажынкі», і яны абнаўляюцца, тут вядуцца маштабныя работы. «Гэта выклікае вялікі гонар за краіну, у якой клапоцяцца пра жыццё і дабрабыт людзей. Такую ўвагу беларусы заслужылі сваёй добрасумленнай працай», — гаворыць жанчына.
Усё робіцца для камфорту людзей
Індывідуальны прадпрымальнік Віялета Мядзведзева актыўна займаецца касметычным рамонтам будынка, які арандуе:


— Будынак размешчаны на перавулку Піянерскім, тут у нас з бацькамі знаходзіцца оптыка і харчовая крама. Калі ўсё вакол абнаўляецца, немагчыма застацца ў баку. Ды і, праўду сказаць, даўно хацелася памяняць колер сцен, а цяпер да «Дажынак» ёсць нагода. Вырашылі не пакідаць ранейшы бардовы колер, ён, на мой погляд, занадта цёмны, і фарбуем будынак у светла-шэры з белымі элементамі. Візуальна будынак стаў больш лёгкім. Плануем перафарбаваць у гэты ж колер і бетонную кветніцу, а таксама адрамантаваць лесвіцу ў падвал.
У цэлым вельмі радуе, што наш пасёлак мяняецца, асфальтуюцца вуліцы, мяняецца асвятленне. Вельмі парадавала навіна аб будаўніцтве басейна і рэканструкцыі стадыёна. Усё гэта робіцца для людзей і іх камфортнага жыцця.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ








