Сёння ў Беларусі налічваецца каля 85 тысяч прадстаўніц цудоўнага полу, якія займаюцца прадпрымальніцтвам. За пяць гадоў доля жанчын у беларускім бізнесе вырасла да 42%, а значыць яны адчуваюць значную падтрымку дзяржавы. Як удалося арганізаваць бізнес з нуля і ўтрымліваць яго на належным узроўні, аб гэтым гутарка з дырэктарам прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Милацвет» Людмілай Дзмітрыеўнай МАНКЕВІЧ.
— Людміла Дзмітрыеўна, як з’явілася ідэя займацца бізнесам?
— Выпадкова, ніколі не планавала адкрываць сваю справу. Скончыла гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «гісторык, выкладчык палітычных дысцыплін» з чырвоным дыпломам. Мая мара з юнацкіх гадоў — працаваць на кіруючых пасадах. Першыя спробы з’явіліся падчас вучобы ў школе. Была камсоргам і ўдзельнічала ў грамадскім жыцці — як гаворыцца, жыла і гарэла гэтым.
У гімназіі № 1 г.п. Карэлічы пашчасціла працаваць з унікальным калектывам прафесіяналаў. Назваць іх пайменна — значыць назваць увесь педагагічны калектыў. Яны — краса педагагічнага грамадства пад кіраўніцтвам Вячаслава Іванавіча Апалоніка.
У той час сумяшчала працу ў адной з фірм раёна. У 2002 годзе трэба было прыняць рашэнне: застацца на дзяржаўнай рабоце або ісці ў свабоднае плаванне. Я вырашыла адкрыць сваю справу і стала індывідуальным прадпрымальнікам.
— Вас не бянтэжыла тое, што першая прафесія далёкая ад той справы, якой займаецеся сёння?
— Мне балюча даўся разрыў са школай. Але па сямейных абставінах трэба было зарабляць грошы, каб паставіць дзяцей на ногі, пабудаваць жыллё. У той момант не было думкі баяцца, трэба было ісці наперад і вырашаць пытанні, якія ўзнікалі.
— Вас атачалі прадпрымальнікі-мужчыны. Як жанчына Вы спадзяваліся справіцца з новай справай?
— У маёй галіне было шмат адстаўных ваенных, і яны адрозніваліся сумленнасцю і высакароднасцю, што сёння не заўсёды сустрэнеш у бізнесе. Я не дзяліла б у бізнесе мужчын і жанчын: калі сумленны і прыстойны чалавек і трымаеш слова, з табою хочуць працаваць і падтрымліваюць дзелавыя сувязі.
— Хто аказваў падтрымку і дапамогу ў Вашай справе?
— Вялікую падтрымку адчула ад майго старэйшага брата Аляксандра. Ён інжынер-канструктар, але ўсё яго жыццё звязана з бізнесам. Мы і сёння з ім раімся, і часта ўжо я аказваю яму падтрымку. Маральна мяне сваімі малітвамі падтрымлівала мама Марыя Феадосьеўна.
— Якімі відамі дзейнасці займаецца Ваша прадпрыемства?
— На сённяшні дзень прадпрыемства займаецца вырошчваннем сухацветных раслін для фларыстаў. Выпускаем вырабы рытуальнага і памінальнага накірункаў для рытуальных салонаў па рэспубліцы. На ўнутраным рынку ў Карэлічах і Карэліцкім раёне працуем па вырабе надмагільных збудаванняў і прымаем заказы. Абслугоўваем кліентаў, якія родам з Карэліцкага раёна. Развіваем анлайн-заказы, каб кліенты не трацілі свой час на пераезды.

— Не так даўно Вы змянілі свой адрас. Паведаміце, калі ласка, дзе вы чакаеце сваіх заказчыкаў.
— Перад абласнымі «Дажынкамі» адбылася важная падзея — мы скончылі мадэрнізацыю ўласнага будынка ў Карэлічах, па вуліцы Жалезняковіча, 15. Зараз працуем у камфортных умовах.

— Што ўяўляе сабой калектыў прадпрыемства?
— Калектыў невялікі, у залежнасці ад сезоннасці, да 10 чалавек. На сённяшні дзень бухгалтар Ала Леанідаўна Лісоўская, мая правая рука, працуе з дня ўтварэння фірмы. А таксама рабочыя, фларысты, азеляніцелі.

— Цікава, чаму сваю фірму Вы назвалі «Милацвет»?
— Назву дала свядома: гэта частка майго імя, і самыя блізкія людзі называюць мяне Міла. Цвет, бо яшчэ са школьных гадоў хацела займацца кветкамі. Калі адкрыла фірму, развівала новы накірунак па раслінах. У 2008 годзе зарэгістравана фірма і распрацаваны лагатып.

— Як рэкламуеце сваю прадукцыю і паслугі?
— Я актыўны ўдзельнік спецыялізаваных выстаў, таксама працую ў інтэрнэт-прасторы і сайце свайго прадпрыемства.
— На Вашу думку, хто яна, беларуская жанчына ў бізнесе?
— Мне даводзілася быць прадаўцом, прыбіральшчыцай памяшканняў, прарабам, качагарам. Бухгалтэрыю ведаю вельмі глыбока. Трэба вучыцца кожны дзень і не баяцца асвойваць новае. Зараз час новых тэхналогій, час больш для маладых прадпрымальнікаў. А «дарослым» бізнесменам трэба быць больш настойлівымі і ўпартымі. Сабраць усю сваю волю ў кулак і асвойваць новыя праграмы і абсталяванне. Па-іншаму ніяк немагчыма.
— Займацца Вашай справай яшчэ няпроста таму, што людзі прыходзяць да Вас у хвіліны гора і роспачы. Тут трэба быць свайго роду добрым псіхолагам. Што дапамагае ў гэтым накірунку?
— У рабоце з кліентамі, якія хочуць увекавечыць памяць па сваіх родных, патрэбны вельмі глыбокі аналіз сям’і і чалавека. Я доўга гутару з чалавекам, і маё імкненне дапамагчы моцна ўплывае на вынік.
Жыццёвая пазіцыя ў бізнесе такая: прытрымліваюся думкі, што грошай хопіць усім, толькі працуй, і дзякаваць Богу, што мяне атачаюць разумныя калегі.
— У такім невялікім пасёлку, як Карэлічы ўсё і ўсе навідавоку, як і Ваша справа. Што робіце для таго, каб з поўнай аддачай ёй служыць?
— У маёй працы трэба ісці наперад. Калі ўзяўся, выконвай работу якасна. Былі і правалы, але рукі не апускала. Узнімалася і ішла далей не азіраючыся. У невялікім пасёлку немагчыма схавацца ад людскога вока. Трэба жыць і працаваць начыста. Гэта закон маленькіх гарадоў і вёсак. Так жылі нашы продкі.
— У Вас ёсць сваё месца сілы?
— Вядома. Па-першае, афармляю ландшафт участкаў. Затрачваецца шмат сіл, але ўстанаўліваецца баланс энергіі. Па-другое, са школьных гадоў і ў дарослым жыцці наведваю басейн у Навагрудку. Гэта норма жыцця. Я радуюся таму, што ў хуткім часе адкрыецца басейн у Карэлічах, і гэтых шчаслівых хвілін чакаю з вялікім нецярпеннем. Па-трэцяе, на працягу васьмі гадоў наведвала старшую харэаграфічную групу — займалася танцамі пад кіраўніцтвам Ірыны Станіславаўны Бяляк. Спадзяюся, хутка заняткі адновяцца. Увогуле, заклікаю ўсіх займацца сваім здароўем і эмацыянальным фонам. А таксама здаць экзамены на вадзіцельскія правы, каб быць мабільнымі. Мабільнасць дазваляе трымаць сувязь з вялікімі гарадамі.

— Адкуль Вашы карані? Што значыць Карэліччына для Вас?
— Сама родам з Палесся — горада Пінска. Вырасла на скрыжаванні рэк Піны, Ясельды і Прыпяці. Там мае карані, продкі, радзіма. Карэліцкі край палюбіла ўсёй душой. Па маім меркаванні, тут жывуць сапраўдныя беларусы — яны гатовы прыйсці на дапамогу і прыняць цябе як роднага. Тут унікальны край — шмат крыніц, і гэта пульс зямлі, яны нараджаюцца ў святых месцах.
— Вялікае значэнне ў жыцці чалавека мае сям’я. Яна для Вас апора і падтрымка?
— Дарослыя сыны Ілья і Мікіта — мой гонар і падтрымка. Ілья скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і магістратуру. Зараз служыць у органах фінансавага расследавання Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Брэсцкай вобласці. Мікіта працуе інжынерам у Гродзенскіх электрычных сетках РУП «Гроднаэнерга» г. Гродна.
Мне б вельмі хацелася адзначыць, што ў маю сям’ю прыйшлі дзве дачкі: Надзея, эканаміст па адукацыі, кіруе фірмай па аказанні бухгалтарскіх паслуг, а Кацярына — фармацэўт, загадчык фармацыяй Карэліцкага раёна, цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем.
У Год беларускай жанчыны ў нашай сям’і з’явілася мая ўнучачка — маленькая Алёнка. Яшчэ мая радасць — унукі Раман, спартсмен і футбаліст, і Ягор, які наведвае дзіцячы садок і рыхтуецца да школы. Я своеасаблівая бабуля, унукі ездзяць са мной у камандзіроўкі і шмат працуюць.
Самае важнае — гарманічныя адносіны ўнутры сям’і і падтрыманне сямейных традыцый. Трэба, каб сям’я захоўвала сувязь пакаленняў, і прымаць у яе рады новых людзей. І зараз, калі ў мяне ўжо дарослыя дзеці, хачу з гонарам адзначыць: мая мара аб вялікай сям’і ажыццявілася.
— Людміла Дзмітрыеўна, што можаце параіць тым, хто сёння стаіць перад выбарам свайго жыццёвага шляху?
— Займацца сваёй любімай справай і стаць у сваёй прафесіі лепшым. Не баяцца рабіць памылкі — без памылак не будзе дарогі наперад. І, безумоўна, верыць, што ўсё атрымаецца. Жанчынам жа намнога цяжэй у бізнесе: на іх плячах яшчэ сям’я. Жадаю цудоўнай палове Карэліччыны быць любімымі і любіць, а ўсім жыхарам — мірнага неба над галавой.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ







