У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці прыхільнікі беларускай выцінанкі з Карэліцкага, Навагрудскага, Іўеўскага раёнаў Гродзенскай вобласці і Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці сабраліся на семінар-практыкум па тэме: «Беларуская выцінанка: традыцыі і сучаснасць», каб абмяняцца вопытам па дадзеным накірунку беларускага традыцыйнага рамяства.


Дырэктар цэнтра Наталья Гароднік шчыра павітала гасцей на карэліцкай зямлі і выказала словы ўдзячнасці носьбітам народных традыцый за тое, што яны вучаць рамяству маладое пакаленне. «Выцінанка жыве, набывае росквіт, і так будзе далей. Сённяшняя сустрэча не апошняя, будзем сустракацца і далей», — выказала надзею Наталья Мікалаеўна і пажадала ўдзельнікам семінара прыемных уражанняў і добрага настрою.


«Беларуская выцінанка: традыцыі і сучаснасць» — тэма выступлення майстра народных мастацкіх рамёстваў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Юльяны Брысазоўскай, якая падрабязна паведаміла пра шлях, які прайшоў дадзены від рамяства ад мінулых да сённяшніх дзён. Сёння назіраем не проста адраджэнне, а імклівы ўзлёт, які за дзесяцігоддзе вывеў выцінанку ў шэраг найбольш папулярных відаў сучаснага народнага мастацтва. Пры гэтым змяніўся і яе характар ад простых, сціплых у мастацкіх адносінах вырабаў да высокадэкаратыўных твораў станковага характару.
Адметная рыса беларускай выцінанкі — непарыўнасць традыцыі. Яна не знікла з цягам часу — захоўвалася ў сем’ях, пераходзіла ад бабуль да ўнукаў, адаптавалася да новых умоў. У справу ішлі сшыткі, пакавальная, газетная папера — галоўным быў не матэрыял, а жаданне ствараць.
Сёння майстры працягваюць эксперыментаваць з формамі, тэмамі і матэрыяламі. Традыцыйныя сюжэты атрымліваюць новае жыццё: у выцінанках з’яўляюцца гарадскія краявіды, сучасныя вобразы, аўтарскія сімвалы. Тым не менш, галоўнае застаецца нязменным — ручная праца, увага да дэталяў і пашана да мінулага. Сёння праходзяць майстар-класы, выставы, фестывалі, дзе можна ўбачыць не толькі выцінанкі, але і навучыцца рабіць іх самастойна. Для многіх гэта робіцца своеасаблівым рэлаксам, творчым самавыяўленнем і нават сямейнай традыцыяй.
У 2021 годзе адбылася значная падзея — беларускае мастацтва выцінанкі ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. ЮНЕСКА адзначыла, што беларуская выцінанка — гэта прыклад жывой традыцыі, якая арганічна спалучае рамяство і творчасць. Яна не застыла ў мінулым — яна развіваецца, адгукаецца на сучаснасць, і пры гэтым застаецца глыбока ўкаранёнай у народную культуру.


Загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУ «Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Юлія Баярэнка паведаміла пра выцінаку, як папулярны від беларускага традыцыйнага рамяства на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Напачатку прамовы адзначыла, што сучаснымі носьбітамі традыцыйнага мастацтва выцінанкі ў Беларусі з’яўляецца каля 100 майстроў, сярод якіх больш за 10 чалавек маюць ганаровае званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». У Гродзенскай вобласці носьбітамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны з’яўляюцца 12 чалавек. Асноўныя арэалы бытавання яе ў Гродзенскай вобласці: Гродна, Навагрудскі, Лідскі, Слонімскі, Мастоўскі, Воранаўскі, Карэліцкі, Астравецкі, Свіслацкі раёны.
Затым прамоўца пазнаёміла і з карэліцкімі майстрамі. Сярод іх — Таццяна Міхайлаўна Маклюк, Галіна Леанідаўна Лагута, Вольга Вячаславаўна Старажынская, Алена Васільеўна Лісоўская, Анастасія Уладзіміраўна Чычкан, Святлана Мікалаеўна Рахманька. Яны не толькі займаюцца гэтым рамяством, а з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі выстаў, святаў, семінараў, майстар-класаў. Маюць узнагароды.

Выклікалі цікавасць ва ўдзельнікаў семінара і выступленні гасцей. Народны майстар Рэспублікі Беларусь, кіраўнік народнага калектыву майстроў «Каляровая альтанка» аддзела рамёстваў ДУК «Навагрудскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці» Наталля Клімко пазнаёміла з навагрудскай выцінанкай-выбіванкай ад старажытнасці да нашых дзён. Яна выказала пажаданні:»Хочаце быць майстрамі — будзьце імі, рабіце сваімі рукамі».


Аб актуальных пытаннях захавання, развіцця і пераемнасці беларускага мастацтва выцінанкі з вопыту работы Баранавіцкага раёна расказала кіраўнік гуртка «Жаўрукі» аддзела народнай творчасці ДУК «Баранавіцкая раённая клубная сістэма» Ніна Коўш. Яна адзначыла, што важна працягваць захаванне народных традыцый, з гэтай нагоды ва ўстановах культуры працуюць гурткі. «Тэхналогія выразання з паперы нескладаная, але трэба паверыць у свае сілы, і ёсць магчымасць далучыцца да культурнай спадчыны нашага народа», — сказала прамоўца.
Для ўдзельнікаў семінара была арганізавана экскурсія ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей.
Майстры правялі майстар-класы па вырабе выцінанак.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ







