Калядныя святы любяць дарослыя і дзеці.Урачыстасці прыносяць шмат радасці, асабліва дзяўчынкам і хлопчыкам, дзетвара верыць у цуда — і яно прыходзіць.
Калядны дзіцячы баль стаў ужо добрай традыцыяй на Карэліччыне. У 2026-м ён змяніў свой адрас — перамясціўся ў сярэднюю школу № 1 г.п. Карэлічы. Яго ўдзельнікамі сталі дзяўчынкі і хлопчыкі ва ўзросце ад шасці да дванаццаці гадоў. Прыгожыя і элегантныя, яны адчувалі сябе па-даросламу.






Адкрываючы дзіцячы Калядны баль, начальнік сектара культуры Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Наталля Шпакоўская пажадала дзяўчынкам і хлопчыкам добрага свята, каб яны адчулі сябе тут прынцэсамі і прынцамі, каб прадэманстравалі сваё майстэрства і атрымалі вялікую радасць ад сустрэчы са светам цудоўнага.




Дапамагалі ім у гэтым вядучыя, казачныя героі, а таксама госці са сталіцы, што стала сапраўдным сюрпрызам. На свяце былі арганізаваны тэатралізаванае прадстаўленне, танцавальны майстар-клас, творчая майстэрня па вырабу каляднага сувеніру.












Гавораць удзельнікі Каляднага дзіцячага балю:
Святлана Уладзіміраўна РАМАНЮК, мама Марыі, вучаніцы 2 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:
— Марыя прымае ўдзел у бале ўпершыню. Запрасілі ад дзіцячай школы мастацтваў, дзе дачка займаецца харэаграфіяй. Яна вельмі актыўная і з карысцю праводзіць вольны час. А для мяне як для маці радасна наведваць раённыя святы, дзе і душа адпачывае, і радуешся за дзяцей. Дзеці — сэнс нашага жыцця.
Валерыя ВАЙЦЕШЫК, вучаніца 3 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»:
— Кожны год наведваю баль, ужо ў чацвёрты раз. Мне падабаецца танцаваць. Займаюся ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў на харэаграфічным аддзяленні. На балі весела і святочна. Тут шмат сяброў і аднакласнікаў. У мяне добры настрой, і хочацца дзяліцца ім з удзельнікамі балю.
Алеся ЧУДЗІЛОЎСКАЯ, вучаніца 3 «Б» класа» ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»:
— Я на балі першы раз. Крышачку хвалююся, але мама мяне падтрымлівае. Я буду танцаваць — танцы люблю, яны заварожваюць. Ад балю чакаю сюрпрызаў і ўражанняў. Тут шмат прыгожа апранутых дзяўчынак і хлопчыкаў. Новы год — маё любімае свята.
Раман КОЦІК, вучань 4 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:
— Мы прыйшлі на баль з сястрой Дар’яй, вучаніцай першага класа. Нас прывёў тата. Я чакаю ад свята сюрпрызаў і сустрэч з казачнымі героямі. Мне падабаецца ялінка-прыгажуня. Разам з дзецьмі буду танцаваць. Тут вельмі весела, і свята сапраўды цудоўнае.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Андрэя ДЗЯНІСКА
























