

Перад прысутнымі выступіла дырэктар ЦСАН Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава, якая распавяла аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Па словах Інэсы Мікалаеўны, сярэдняя працягласць жыцця ў раёне складае 75 гадоў. Было адзначана, што на Карэліччыне, на жаль, зніжаецца нараджальнасць і павялічваецца смяротнасць. Установамі аховы здароўя раёна прымаюцца ўсе меры, каб выправіць гэтую сітуацыю. Вялікая дапамога ў вырашэнні дэмаграфічнай праблемы аказваецца на дзяржаўным узроўні. У краіне выплачваецца дапамога пры нараджэнні першага, другога і трэцяга дзяцей, бацькам выплачваюць дапамогу па доглядзе дзіцяці, шматдзетныя сем’і могуць скарыстацца сямейным капіталам. У Карэліцкім раёне жывуць 213 шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць 694 дзяцей.
Кіраўнік інфармацыйнай групы, першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Бусько адзначыў, што людзі будуць жыць там, дзе для жыцця створаны ўмовы, дзе бацькі будуць працаваць і зарабляць грошы, а дзеці — хадзіць у добры дзіцячы сад і вучыцца ў добрай школе.

Першы намеснік начальніка Карэліцкага РАНС Сяргей Бунчук звярнуў увагу прысутных на бяспеку дзяцей на канікулах і заклікаў не пакідаць дзяцей без нагляду:
— Вельмі часта бяда здараецца, калі бацькі «на імгненне адвярнуліся» — выйшлі ў суседні пакой або заняліся прыгатаваннем ежы.
Па словах Сяргея Юр’евіча, мінулыя выхадныя для службы МНС выдаліся вельмі напружанымі — ратавальнікі шэсць разоў выязджалі на выклікі, большасць якіх былі звязаны са спальваннем смецця на прысядзібных участках, таму прысутным яшчэ раз нагадалі пра тое, што вогнішча, у якім спальваюць смецце, не павінна заставацца без нагляду.

На сходзе былі зададзены пытанні, якія тычыліся працы рэйсавых аўтобусаў, а таксама нізкага ціску ў вадаправоднай сетцы.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара







