У рамках правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 3 Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта наведалі КСУП «Племзавод Карэлічы».
Адкрыў сустрэчу кіраўнік ІПГ, першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Яўгеній Бусько.

Па асноўнай тэме «Дзень народнага адзінства як фактар нацыянальнага гонару» слова трымала загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Лідзія Сакалова. Яна назвала 17 верасня асаблівым днём у Беларусі і святам, якое явіла сабой аднаўленне гістарычнай справядлівасці, напоўненай новымі сэнсамі.
Ведучы гутарку па дадзенай тэме, Лідзія Віктараўна адзначыла: «Нам ёсць чым ганарыцца. У далёкім 1939 годзе нашы продкі адстаялі сваё права «людзьмі звацца», і зараз мы будуем знешнюю і ўнутраную палітыку на аснове сваіх інтарэсаў».
Сучасная Беларусь — адна з нямногіх дзяржаў свету, якая змагла забяспечыць поўную харчовую бяспеку. Пры гэтым беларускія вытворцы не толькі задавальняюць унутраны попыт, але валодаюць значным экспартным патэнцыялам.
Тэхніка і электроніка, якая зроблена ў Беларусі, працуе на ўсіх кантынентах зямнога шара. Флагманы машынабудавання МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш» і іншыя нашы брэнды — падстава для гонару кожнага, хто любіць нашу краіну.
Наша краіна імкліва ўварвалася ў атамную эліту свету. Дзякуючы Беларускай АЭС, мы атрымалі шэраг канкурэтных пераваг і змаглі значна ўмацаваць энергетычную бяспеку і незалежнасць рэспублікі. Краіна мае надзейную, эканамічную і экалагічную крыніцу энергіі на дзесягоддзі наперад.
Гісторыя няўмольна сведчыць: існаванне моцнай нацыянальнай дзяржавы немагчыма без захавання гістарычнай памяці аб ахвярах, без пачуцця павагі і любові да нашых суайчыннікаў, якія аддалі свае жыцці за нас і дзеля адзінай і непадзельнай Беларусі. І таму свята 17 верасня — Дзень народнага адзінства — гэта ўмацаванне нацыянальнай салідарнасці, каб Беларусь назаўжды была адзінай і непадзельнай. Сам час вярнуў гэтую дату ў наш каляндар дзяржаўных свят, а грамадзяне нашай краіны прынялі яго ўсім сэрцам.
— Дзень народнага адзінства — напамінак аб тым, што краіна — гэта мы. І што агульнае наша заўтра пачынаецца сёння і тут — у нашай гатоўнасці чуць адзін аднаго, паважаць адзін аднаго і рабіць агульную справу. Ён — пуцяводная зорка гістарычнай памяці, якая звязвае наша мінулае і сённяшняе, — рэзюмавала Лідзія Сакалова.
Яўеній Бусько адзначыў, што ў нашай краіне ўсё робіцца дзеля людзей, і ўсяго тут маецца ўдосталь, каб людзі маглі жыць дастойна. Нагадаў пра тое, што сёлета ў Карэлічах праводзіцца свята аграрыяў — абласныя «Дажынкі». У наступным годзе будзе адзначацца 500-годдзе Мірскага замка. Плануецца правесці раённыя «Дажынкі» ў аграгарадку Райца. На Карэліччыне пэўная ўвага ўдзяляецца будаўніцтву жылля і асфальтаванню дарог. «Мы выстаялі і перамаглі. Калектыў племзавода «Карэлічы» таксама ўносіць свой важкі ўклад у агульны каравай раёна», — падкрэсліў Яўгеній Анатольевіч.
Змястоўную гутарку па тэме супрацьдзеяння экстрэмізму правёў з прысутнымі начальнік штаба Карэліцкага РАУС Аляксей Камашыла.
Праваахоўнік заклікаў племзаводаўцаў быць пільнымі і прадбачлівымі ў сваіх дзеяннях, каб не трапіць, як гаворыцца, на «кручок» махляроў.
У складаных сітуацыях параіў тэлефанаваць па нумары 102 у Карэліцкі РАУС, па выкліку прыедуць супрацоўнікі і дапамогуць разабрацца ў сітуацыі.
На сустрэчы таксама былі ўзняты пытанні паводзін у лесе, падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона, навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях.
У адкрытай размове з членамі ІПГ работнікі племзавода закранулі пытанні медыцынскага абслугоўвання, работы камунальнай службы раёна, замацавання маладых спецыялістаў на Карэліччыне.
Галіна СМАЛЯНКА








