З нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў Мінску праведзены Рэспубліканскі форум працаўніц сяла, на які прыехалі каля 600 жанчын з усіх куткоў Беларусі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел і сельскія працаўніцы з Карэліччыны: эканаміст Вольга Аляшкевіч, бухгалтар Вольга Маліноўская, касір Алена Коцік з КСУП «Малюшычы», повар Алена Рудзяк з КУСП «Чарняхоўскі-Агра», ветурач Ірына Сяўлюк і галоўны ветурач Алена Лазарчук з ДП «Лукі-Агра».
Эканаміст КСУП «Малюшычы» Вольга Аляшкевіч гаворыць:
— Вельмі спадабалася на форуме — надзвычай цёпла прынялі. Для нас была арганізавана аглядная экскурсія па Мінску. У Вялікім тэатры оперы і балета паглядзелі «Бахчисарайский фонтан» — балет па матывах аднайменнай паэмы Аляксандра Пушкіна. У наступны дзень наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны. І хоць тут не першы раз, але кожны раз задумваешся аб цане міру і чалавечага жыцця, якія трэба берагчы.
Было прыемна пазнаёміцца з жанчынамі нашай краіны з іншых гаспадарак, абмяняцца вопытам, узяць нешта цікавае для сябе. Засталіся цёплыя, светлыя і незабыўныя ўражанні.
Галіна СМАЛЯНКА
Инна ЛЕЙКО























