Сям’я — радасць і надзеі, клопаты і перажыванні. Утульны дом і смех дзяцей. Тут адчуваеш сябе самім сабою, і сюды хочацца вяртацца зноў. Тут цябе чакаюць — усю любоў свайго сэрца аддаеш родным людзям.
Сённяшняя гутарка са шматдзетнай маці Ганнай Васільеўнай Варанко з г.п. Карэлічы аб ролі сям’і, выхаванні дзяцей, сямейных традыцыях — аб тым, на чым трымаецца сучасная сям’я.
— Ганна Васільеўна, што для Вас значыць сям’я?
— Для мяне сям’я — гэта ўтульны дом і шчаслівыя дзеці, і калі ўсе здаровыя, калі ў хаце паразуменне і павага, хочацца жыць і радавацца кожнаму імгненню жыцця.
— Якая сям’я была ў Вас? Адкуль Вашы карані?
— Я з вёскі Малыя Жухавічы. Сёння побач са мной мама, тата, брат Васілій. На маленькую радзіму езджу і зараз, гэта родныя мясціны, блізкія людзі, сябры дзяцінства — сустрэчы з імі вельмі важныя.
— Якая роля належыць маці ў выхаванні дзяцей?
— У першую чаргу, аддаваць любоў дзецям. Па-другое, гэта давер: трэба, каб дзеці давяралі. Па-трэцяе, паважаць і прыслухоўвацца да іх. Па-чацвёртае, трэба навучыць дзяцей любіць сваю Радзіму, месца, дзе яны нарадзіліся і выраслі, і каб з павагай адносіліся да родных і блізкіх.
— Хто з’яўляецца лідарам у Вашай сям’і?
— Муж і тата Іван Леанідавіч. Ён трымае нашу сям’ю ў моцных мужчынскіх руках, і мы за ім, як за каменнай сцяной. Ён шмат працуе, каб у нашай хаце і сям’і быў дастатак, і моцна любіць дзяцей.
— Якія традыцыі існуюць у сям’і?
— Любім разам бываць на прыродзе. Тата рыбак, і дзеці цягнуцца да гэтага захаплення. Адзначаем дні нараджэння, Новы Год, 8 Сакавіка, 23 лютага, Дзень маці і Дзень бацькі — гэта яшчэ больш аб’ядноўвае нашу сям’ю. На святы прыязджаюць родныя і блізкія.
— Ва ўсе часы галоўным у жыцці была праца. Дзе Вы працуеце і Ваш спадарожнік жыцця?
— Я зараз знаходжуся ў водпуску па доглядзе за дзіцем, а працавала аператарам на свінакомплексе КУСП «Чарняхоўскі-Агра». Муж Іван працуе майстрам змены на ААТ «Карэлічы-Лён». Да працы ў нас былі і засталіся самыя паважлівыя адносіны. Яна — сэнс нашага жыцця, што дапамагае мацаваць дабрабыт сям’і.
— Ці маеце сваё жыллё, якое, магчыма, атрымалі як шматдзетная сям’я, дзякуючы падтрымцы дзяржавы?
— Мы жывём у 4-пакаёвай кватэры ў г.п. Карэлічы, якую набылі дзякуючы дзяржпадтрымцы. Нам прадаставілі льготы, мы выкарысталі сямейны капітал. Жывём у кватэры з 2023 года і вельмі задаволены жыллём.
— Галоўнае шчасце ў сям’і — дзеці. Што б паставілі ў выхаванні на першае месца?
— Асноўнае — дабрыня. Трэба, каб дзеці адносіліся з павагай да людзей, жывёлы і ўсяго, што нас атачае. Каб яны раслі працавітымі, і мы прывучаем іх да працы. Яны дапамагаюць дома па хатняй гаспадарцы і ў вёсцы ў бабулі.
— У кастрычніцкія дні адзначаюцца дзяржаўныя святы — Дзень маці і Дзень бацькі. Што яны значаць для Вас?
— Гэта ўвага і падзяка бацькам, якія далі нам жыццё і выхавалі. Дзякуючы ім жыву, і ў мяне ёсць свая сям’я. Я таксама матуля, і вельмі шчаслівая — Дзень маці і маё свята.
— Вашы пажаданні матулям Карэліччыны.
— Усім — здароўя, цярпення, шчасця, дабрабыту. І абавязкова жадаю жаночага шчасця, каб іх любілі, цанілі, бераглі. І каб гэта яны адчувалі не толькі ў святы, але кожны дзень.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Яраславы МАНКЕВІЧ








