Вечар паціху апускаўся на зямлю. Святлана Дзімітрыеўна ішла знаёмай сцяжынкай з працы дамоў і старалася адчуць подых вясны. Сёлетняя зіма выдалася няпростай, але затое паказала, на што яна вартая. Веснавая пара несла не толькі змену надвор’я, але надзею і настрой.
На сакавік выпадае і свята работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Гэтай галіне яна прысвяціла амаль дваццаць гадоў. «18 лютага споўнілася 18 гадоў, як працую ў цэху масавага пашыву», — нагадала жанчына і з усмешкай дадала: «Гэта як-ніяк паўналецце. Як ні гавары, вырасла ў прафесіі».
Пачынала працаваць у гандлі, потым непрыкметна змяніла сваю справу. Прыйшла швачкай у Карэліцкі Дом быту — і засталася. Пэўнае ўяўленне аб прафесіі ўжо мела: у школе былі ўрокі працы і заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце, дзе вучылі шыць. Навыкі ў прафесіі набывала па месцы працы. Шылі навалачкі, гаспадарчыя рукавіцы, рабочыя халаты і касцюмы. З часам пачалі шыць і коўдры. Тут ужо працавалі ўдваіх, з Алай Мікалаеўнай Дамброўскай. Яна перадавала свае сакрэты прафесійнага майстэрства, вопыт у працы паступова прыходзіў — і хацелася працаваць з большай ахвотай.
Гады прайшлі хутка. Не заўважыла, як набралася прафмайстэрства і палюбіла абраную справу. Зараз у цэху масавага пашыву асартымент выпускаемай прадукцыі значна павялічыўся: шыюць ад лёгкага да цёплага адзення: халаты, касцюмы, штаны, курткі. Вырабы разыходзяцца па ўсёй рэспубліцы, таксама іх заказваюць мясцовыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.
Святлана Дзімітрыеўна з удзячнасцю ўспамінае калектыў цэха масавага пашыву: 10 швачак, тры краўцы, майстар. Работнікі маюць вялікі вопыт у працы і добрае сэрца. Да каго не звернешся за парадай — абавязкова дапамогуць. Што да прафесіі швачкі, яна адказная, патрэбны стараннасць і засяроджанасць. А яшчэ яна лічыць, што ў калектыве да кожнага трэба адносіцца з паразуменнем, хто з табой працуе, як гаворыцца, у адной звязцы.
Швачцы пашанцавала не толькі пры выбары прафесіі, а і на кіраўнікоў прадпрыемства. Лілія Лук’янаўна Пулко, Вера Пятроўна Сідо, Ала Пятроўна Маковік — кожная ў свой час старалася з гонарам трымаць марку Карэліцкага ўнітарнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва і праяўляла клопат пра яго работнікаў. Таму заўсёды хацелася працаваць з поўнай аддачай і радаваць заказчыкаў выпускаемай якаснай прадукцыяй.
Праца швачкі цэха масавага пашыву Карэліцкага Дома быту Святланы Дзімітрыеўны Пятровай неаднаразова адзначалася ўзнагародамі, у гэтым годзе — Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ























