Падчас правядзення чарговага пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта найбольшая ўвага была нададзена гора-вадзіцелям, якія ўчынілі правапарушэнні на дарогах, і пытанням крадзяжу і хуліганства.
Захацелася пакатацца
У першым выпадку юнак кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення — яго спынілі супрацоўнікі міліцыі. Сваю віну не адмаўляе — сапраўды вінаваты. Камісія выносіць папярэджанне, яе рашэнне будзе адпраўлена ва ўстанову адукацыі. «Штраф ці папярэджанне не вырашае пытання — свой лёс выбіраеце самі», — адзначае намеснік старшыні камісіі Вольга Базар.
У наступнага юнака сітуацыя іншая. Ён ехаў на матацыкле, не паказаў левы паварот — работнікі ДАІ спынілі, быў прызнаны як парушальнік правілаў дарожнага руху. Атрымаў пасведчанне кіроўцы толькі два месяцы таму. Члены камісіі выказалі надзею, што такіх выпадкаў больш не будзе.
Яшчэ адзін матацыкліст ехаў п’яны, стварыў аварыйную сітуацыю на дарозе. Па яго віне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. «Чаму нецвярозым селі за руль?» — цікавяцца члены камісіі. У адказ — маўчанне. У адрас юнака гучаць знаёмыя ісціны: не ўжываць алкагольныя напоі, выконваць правілы дарожнага руху.
Яшчэ адзін юнак 2009 года нараджэння ехаў на матацыкле і не прадаставіў перавагу пешаходу на пешаходным пераходзе. Члены камісіі вынеслі яму папярэджанне.
Не бяры чужога
— Навошта ўзяў чужы веласіпед? — цікавяцца члены камісіі ў вучня адной са школ раёна.
— Я быў быццам у тумане, сябры падгаварылі, — гучыць адказ. — Узялі пакатацца на дзве-тры гадзіны. Я не ведаў, чый гэта веласіпед, проста ўзяў…
— Нельга браць чужога. Яно не ідзе на карысць, дабра не прыносіць, — гаворыць Вольга Базар.
Як высветлілася, у школе ў вучня справы ладзяцца. Але, што атрымалася, тое атрымалася. Зараз з ім будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Члены камісіі параілі задумацца аб сваёй правіне.
Утрох на аднаго
На пасяджэнне камісіі з’явіліся адразу трое хлопцаў — высокія, стройныя, маладыя. А вось ад пачутага становіцца не па сабе: яны ўтрох білі аднаго, гэтыя дзеянні здымаліся на відэа.
— Навошта здымалі? — цікавяцца члены камісіі.
— Мы не здымалі, гэта рабілі іншыя, — прагучаў адказ аднаго з юнакоў.
Пацярпелы, як высветлілася, таксама не падарунак, але ж гэта не прычына напасці на яго. Любы канфлікт можна вырашыць мірным шляхам. Юнакам выносіцца папярэджанне.
Намеснік старшыні камісіі Вольга Базар зазначае: «Вы самі кавалі свайго лёсу, няхай у вас усё атрымаецца».
Галіна СМАЛЯНКА








