На пасяджэнні раённай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, якая праведзена пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Манілы, разгледжаны шэраг пытанняў. Яны актуальныя і заслугоўваюць увагі, і толькі агульнымі намаганнямі супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі і раённых служб-выканаўцаў можна дабіцца станоўчых вынікаў.
Адкрыў нараду начальнік міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Дзмітрый Аскерка, які прааналізаваў рэалізацыю «Праграмы па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху на 2025 год» на тэрыторыі Карэліцкага раёна, а таксама звярнуў увагу на выкананне пунктаў пратакола пасяджэння раённай камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, якое адбылося 26 чэрвеня гэтага года.
Па падрыхтоўцы навучальных устаноў раёна да пачатку новага навучальнага года і арганізацыі падвозу дзяцей у школы заўваг у работнікаў ДАІ няма. Неабходна працягваць работу па прафілактыцы дзіцячага траўматызму і папулярызацыі выкарыстання святлоадлюстроўваючых элементаў вучнямі ў цёмны час сутак па дарозе ў школу і дамоў.
На нарадзе абмеркавалі пытанне падрыхтоўкі вонкавага асвятлення ў Карэлічах, Міры, Карэліцкім раёне да работы ў асенне-зімовы перыяд 2025-2026 года.
На пасяджэнні камісіі ўзнялі пытанне дадатковай бяспекі пешаходнага пераходу па вуліцы Гагарына ў г.п. Карэлічы, які вядзе да рынка. Прынята рашэнне абуладкаваць яго бар’ернай агароджай.
Таксама разгледзелі звароты, якія паступілі ад грамадзян па пытаннях забеспячэння бяспечнага дарожнага руху.
Работнікі ДАІ заклікалі выканаўцаў больш адказна падыходзіць да вырашэння пытанняў па ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць парушэнню правілаў дарожнага руху. Бяспецы на дарогах трэба прадаўжаць надаваць пільную ўвагу.
Галіна СМАЛЯНКА























