Знайсці шчасце ў родным краі ўдаецца многім. Цалкам прысвяціць сябе працы, сям’і, блізкім — адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівым. Самому камфортна і людзям, якія побач. Ад такога чалавека зыходзіць пазітыў — на душы становіцца светла і ўтульна. У сённяшнім выпуску праекта «Пад белымі крыламі» расказваем пра жыхароў Турэцкага сельсавета.
Любы куточак
Наталія нарадзілася ў вёсцы Вялікая Слабада. Скончыла тры класы Вялікаслабодскай базавай школы. Затым прадоўжыла вучобу ў Турэцкай сярэдняй школе, куды сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства.
Бацька Віктар Лук’янавіч працаваў дырэктарам Вялікаслабодскай базавай школы. Маці Марыя Аркадзьеўна ўсё жыццё прысвяціла сябе сельскай гаспадарцы — была галоўным бухгалтарам калгаса імя Чарняхоўскага. Яе працоўную сцяжынку прадоўжыла сястра Жанна, якая зараз у мясцовай гаспадарцы займае пасаду вядучага эканаміста.
Выбар у жыцці
Пасля заканчэння школы Наталія вырашыла прысвяціць сябе педагагічнай дзейнасці — прадоўжыць бацькаву справу. Паступіла ў Мінскі педагагічны каледж па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў. Потым атрымала вышэйшую адукацыю ў Мінскім педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
— Хацелася вучыць дзяцей, гэтае жаданне ў мяне з дзяцінства. Даводзілася прысутнічаць на ўроках таты, дзе вучні слухалі яго з вялікім задавальненнем, які па-майстэрску тлумачыў новы матэрыял. Мне хацелася вучыць дзяўчынак і хлопчыкаў чытаць, пісаць, лічыць, маляваць, выхоўваць іх як сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы, — прызнаеццца настаўнік.
Наталія Віктараўна Дземяновіч прысвяціла абранай справе 27 гадоў. Зараз вучыць трэцякласнікаў Турэцкай сярэдняй школы. Называе іх дапытлівымі, стараннымі, яны стараюцца даведацца як мага больш.
Пачатак пачаткаў
У 2001 годзе Наталія Віктараўна выйшла замуж. Юрый родам з вёскі Савашы Карэліцкага раёна. Лёс склаўся так, што маці з сынам пераехалі жыць у вёску Турэц. Са сваім абраннікам жыцця Наталія вучылася ў адным класе. Ён скончыў Турэцкую сярэднюю школу і застаўся працаваць на Карэліччыне, абраў прафесію шафёра. Двойчы быў удзельнікам абласнога фестывалю «Дажынкі». Цяпер — аператар газаразмеркавальнай станцыі філіяла «Нясвіжскае ўпраўленне магістральных газаправодаў».
Пасля вяселля сям’я пачала жыць у сваім доме. Ёсць прысядзібны ўчастак, на якім прадаўжаюць працаваць разам. Праз дом жыве матуля Марыя Аркадзьеўна.
— Ад душы ўдзячна роднаму чалавеку, што падарыла жыццё. Кожную хвіліну падтрымлівала і дапамагала ў паўсядзённых клопатах. З маленства прывіла працавітасць, што спатрэбілася ў жыцці, — адзначае дачка.

На думку Наталіі Віктараўны, сям’я — самае дарагое ў жыцці. Двойчы прымалі ўдзел у раённым конкурсе «Сям’я года», у 2019 годзе атрымалі Дыплом у намінацыі «Сям’я — захавальнік традыцый». Дземяновічы — выхадцы са шматдзетных сем’яў, якія заўжды ладзілі паміж сабою і любілі збірацца на святы разам. Што да родных дачок, бацькі не могуць нарадавацца на іх. 22-гадовая Надзея па характары старанная і добрая, жыве і працуе ў сталіцы. 16-гадовая Вікторыя — студэнтка другога курса Мінскага каледжа інфармацыйных тэхналогій Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, дапытлівая і заўсёды дасягае пастаўленай мэты. 12-гадовая Сафія наведвае 7-ы клас Турэцкай сярэдняй школы, мудрая не па гадах — гэта пацвярджае сваімі справамі. Бацькі моцна любяць усіх і ўскладаюць на іх свае надзеі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны ЖАМОЙДЫ








