
У Міжнародны дзень роднай мовы агульнарэспубліканскае мерапрыемства – напісанне Усебеларускай дыктоўкі – традыцыйна аб’яднала прадстаўнікоў усіх пакаленняў, узростаў і прафесій. Праверыць свае веды, акунуўшыся ў прыгажосць беларускай мовы, змог кожны жадаючы. 21 лютага рэспубліканскі дыктант напісалі і ў Карэліцкім райвыканкаме.


Як адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі – гэта мерапрыемства, якое дае магчымасць усім жадаючым праверыць узровень сваёй граматнасці. Яна праводзіцца з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і ўдасканалення ведаў.


– Гэта знак павагі да роднай мовы. Калі мы пішам дыктоўку, звяртаем увагу на мілагучнасць і прыгажосць беларускага слова. Мерапрыемства дазваляе адчуць непаўторны каларыт і самабытнасць нашай роднай мовы, звярнуцца да духоўных каранёў, – сказала яна. – Не выпадкова і тэматыка тэксту – “Брэсцкая крэпасць”. Ён падабраны спецыяльна да знакавай для нас усіх гістарычнай падзеі – 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.






















