Па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама, 25 мая раён упершыню выйшаў на сярэднясутачны надой у 20 кг на адну карову. Паводле звестак на 30 мая, надой склаў 20,1 кг — прадпрыемствы працягваюць плюсаваць.

Першы намеснік начальніка ўпраўлення Аляксандр Манько лічыць, што прычына росту вытворчасці — арганізацыя летне-пашавага ўтрымання жывёлы.
— З 17 ферм, якія арганізавалі выпас кароў на пашах, 13 забяспечылі прыбаўку малака (МТФ «Машэвічы» (+4 кг), «Лядкі» (+3 кг), «Краснае» (+0,9 кг), 4 утрымалі дастатковы ўзровень вытворчасці малака, — кажа Аляксандр Мікалаевіч. — Свежая маладая трава спрыяе таму, што мы павялічылі надой на карову. У пашавага перыяду ёсць свае плюсы, перш за ўсё мацыён і аздараўленне жывёлы. На дадзены момант галоўнае — утрымаць узяты тэмп. Карэліччына дадае 112% да ўзроўню мінулага года па валавым надоі за дзень. У нас ёсць нядрэнны зачын на тое, каб выканаць план і атрымаць 90 тысяч тон малака ў бягучым годзе.
Па словах Аляксандра Манько, на дадзены момант асноўная задача, якая стаіць перад сельгаспрадпрыемствамі, — падрыхтоўка да зімова-стойлавага перыяду, нарыхтоўка кармоў. Ад якасці корму будуць залежаць далейшыя вынікі.
Застаецца спадзявацца, каб нябесная канцылярыя не падвяла, пайшлі дажджы, аднавіўся травастой. Гэта дазволіла б утрымаць малочную прадуктыўнасць.

Сяргей СТОЛЯР























