6 сакавіка старшыня Цырынскага сельвыканкама Аксана Гомза стала ўдзельніцай ўрачыстага прыёму ў Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце, прысвечанага Міжнароднаму жаночаму дню 8 сакавіка.

Мерапрыемства прайшло ў Гродзенскай абласной філармоніі. Сярод запрошаных — 25 жанчын з розных куткоў Гродзеншчыны – кіраўнікі, спецыялісты прамысловасці, адукацыі, аховы здароўя, культуры, аграпрамысловага сектара, шматдзетныя мамы і бізнес-лэдзі.
Павіншавалі жанчын у пярэдадзень свята выконваючы абавязкі старшыні аблвыканкама Юрый Караеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ірына Сцепаненка.
Аксана Віктараўна падзялілася ўражаннямі аб сустрэчы:
– Быць запрошанай на такі прыём — вельмі ганарова і хвалююча. Аднак, нягледзячы на ўрачыстасць мерапрыемства, атмасфера яго была досыць цёплая. Музычныя падарункі, кветкі, душэўныя гутаркі – гэты прыём пакінуў у сэрцах усіх удзельніц самыя цёплыя ўспаміны. Напярэдадні свята мы зарадзіліся станоўчымі эмоцыямі і ўражаннямі. Мы, 25 жанчын, сустрэліся ўпершыню, аднак у працэсе знаёмства і зносін дзяліліся сваімі думкамі і расставаліся ўжо як добрыя сябры. Прыемна было чуць мноства прыемных слоў з вуснаў кіраўніцтва вобласці. У сваіх прамовах кожны з іх адзначаў ролю жанчыны ў розных сферах дзейнасці, у грамадскай рабоце, а таксама заслугі жанчыны-маці, жанчыны-захавальніцы сямейнага ачага. Я вельмі ўдзячная кіраўніцтву Карэліцкага раёна і Гродзенскай вобласці за тое, што нашу працу заўважылі і падарылі такое свята. Паколькі сфера маёй дзейнасці так ці інакш звязана з арганізацыяй падобных мерапрыемстваў, то быць у якасці госця на свяце мне было прыемна ўдвая.
Такі пазітыўны пачатак вясны для мяне — натхненне для новых ідэй і здзяйсненняў. Падчас урачыстага прыёму адзначалася, і я згодна з гэтымі словамі, – жанчына можа ўсё, калі побач надзейны калектыў, сапраўдныя сябры і клопат сям’і.
Кацярына КУКАНАВА






















