Земляробы, не пакладаючы рук, працуюць на ўраджай 2024 г. Ідзе падрыхтоўка да вясенніх палявых работ, назапашваюцца мінеральныя ўгнаенні, рамантуецца тэхніка, набываюцца новыя сельгасмашыны. Важнейшая работа ў гэтыя дні — падрыхтоўка насення.

Плошча раллі на Карэліччыне складае 42 105 га, на якіх зерневыя і зернебабовыя плануюць пасеяць на 6 826 га. Для гэтага аграрыям раёна неабходна было падрыхтаваць 1100,9 т насення. Па стане на 25 студзеня 2024 года, сельгаспрадпрыемствамі раёна падрыхтавана 1273,1 т (115,6%). Фактычна на праверку ў Карэліцкую раённую дзяржаўную інспекцыю па насенняводстве, каранціне і абароне раслін паступіла 1851,2 т, праверана і адпавядае патрабаванням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання 1273,1 т, 520,1 т не адпавядаюць гэтым патрабаванням, яшчэ 58 т знаходзяцца на стадыі праверкі.
Разам з тым, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама кажуць, што ёсць цяжкасці з падрыхтоўкай насення ў КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, дзе нарыхтавана ўсяго 45 т (19,9% ад неабходнага). Аднак, удакладняюць спецыялісты ўпраўлення, колькасць насення, якое адсутнічае ў птушкафабрыцы, зарэзервавана і захоўваецца ў СВК “Жухавічы” і будзе набыта да пачатку сяўбы.
Аграрыямі раёна нарыхтавана 389,1 т насення яравой пшаніцы, 708,2 т ячменю, 45 т трыцікале, 130,8 т зернебабовых. На ААТ “Карэлічы-Лён” пры неабходнасці ў 375 т насення лёну падрыхтавалі 405,4 т (108% да неабходнасці).
— Для ажыццяўлення сортазмены і сортаабнаўлення гаспадаркамі раёна аформлены заяўкі на набыццё насення элітных гатункаў у элітгаспадарках вобласці, — кажа начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Ілья Самуйлік. — Гэтае насенне будзе завезена заказчыкам, калі элітгаспадаркі падрыхтуюць яго да рэалізацыі. Таксама ёсць заяўкі на набыццё насення люцэрны праз ААТ “Насенне траў”. Насенне кукурузы айчынных гатункаў набываецца праз ААТ “Гроднааблсельгастэхніка”, а замежных — праз дыстрыбутараў. Насеннем цукровых буракоў нас забяспечыць ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”.
Таксама ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама адзначылі, што з 24 студзеня пачалі завозіць насенне піваварнага ячменю “KBC ИРИНА” праз ААТ “Белсолад”.
Вядучы аграном — дзяржаўны інспектар Карэліцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Віялета Анікій адзначае, што асноўная праблема, якая ёсць у гаспадарках раёна, — зношанае зернеачышчальнае абсталяванне, якое не абнаўлялася шмат гадоў:
— Гэта сур’ёзна сказваецца на якасці падрыхтоўкі насення. За апошнія гады толькі некаторыя гаспадаркі ўстанавілі новыя насеннеачышчальныя лініі — гэта СВК “Жухавічы” і “Свіцязянка-2003”.
Важна адзначыць, што некаторыя гаспадаркі вырошчваюць на сваіх палетках культуры, не характэрныя для Карэліччыны. Так, у СВК “Жухавічы” на плошчы 50 га вырошчваюць сою. Гаспадаркай падрыхтавана 52 т насення. У СВК “Свіцязянка-2003” на плошчы ў 30 га вырошчваюць кармавы боб. Для вясенняга севу падрыхтавана 28,8 т насення.
У народзе спрадвеку казалі: што пасееш, тое пажнеш. Гэта значыць, калі ў глебу ляжа насенне нізкай якасці, то самыя добрыя падкормкі і хімпраполкі не дапамогуць сабраць высокі ўраджай. Вось чаму варта памятаць, што надзейная яго аснова закладваецца сёння.


Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара






