26 сакавіка на базе сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы прайшла раённая навукова-практычная канферэнцыя даследчых работ навучэнцаў “Шлях да пазнання”. Для многіх яе ўдзельнікаў – гэта першыя крокі ў навуку, першае пагружэнне ў праектную, даследчую і творчую дзейнасць.



З прывітальным словам да прысутных звярнулася начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, якая адзначыла, што на працягу некалькіх месяцаў пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў рабяты праводзілі даследаванні, ставілі сапраўды навуковыя задачы, чыталі розныя кнігі і артыкулы, тым самым атрымліваючы адказы на пытанні, якія іх цікавяць. Яна пажадала ўсім плённай працы і поспехаў у дасягненні пастаўленай мэты, а таксама адзначыла працу ўстаноў адукацыі раёна, якія сёлета праявілі актыўнасць у накірунку даследчай дзейнасці. Так, сёлета на суд журы сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы прадставіла шэсць работ, сярэдняя школа №2 райцэнтра, Жухавіцкая і Райцаўская – па чатыры.



Падчас правядзення канферэнцыі было сфарміравана шэсць секцый рознай накіраванасці, на якіх 34 навучэнцы прадставілі свае праектныя і даследчыя работы, выкананыя пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў: “Дашкольнік”, “Пачатковыя класы”, па дзве секцыі “Лінгвістычныя і сацыяльна-гістарычныя навукі, мастацтва” і “Прыродазнаўча-матэматычныя навукі, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе” . У кабінетах, дзе праходзіла абарона даследаванняў, панавала атмасфера добразычлівасці, а, прыгледзеўшыся да твараў рабят, можна было заўважыць іх прытоенае хваляванне і жаданне цікава прадставіць свае напрацоўкі.




















Падводзячы вынікі работы, члены журы адзначылі, што ўсе навучэнцы да раскрыцця выбраных імі тэм падышлі не толькі з навуковага пункту гледжання, але і крэатыўна. У кожнага была свая разыначка. Дарэчы, неабходна адзначыць і тое, што навукова-практычная канферэнцыя прайшла з вялікім поспехам для самых маленькіх яе ўдзельнікаў-дашкалят. Вопытнае журы, падвёўшы вынікі, адзначыла глыбіню і навуковасць праведзеных даследаванняў ва ўсіх пяці прадстаўленых работах, зацікаўленасць у поспеху бацькоў выхаванцаў і педагогаў.
На падставе рашэння журы па выніках канферэнцыі Дыпломамі аддзела адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта адзначаны 22 работы. А абсалютнымі пераможцамі і ўладальнікамі Дыплома першай ступені сталі навучэнцы ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Паліна Арцюх і Дар’я Урбановіч (кіраўнік Вольга Валчок), Варвара Гавака (кіраўнік Таццяна Татаранка), выхавальнік дзіцячага сада №2 г.п. Карэлічы Мікіта Казлоў (кіраўнік Алена Клышэўская); ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” Надзея Быліч і Анастасія Галушка (кіраўнік Наталля Шут), Ілья Жук (кіраўнік Ларыса Буляк); ДУА “Цырынская сярэдняя школа” Дар’я Барысік (кіраўнік Дзмітрый Алексеевіч).






















Святочны настрой у гэты хвалюючы дзень падарыў юным даследчыкам харэаграфічны калектыў “Рытмы планеты”.
Чарговая раённая навукова-практычная канферэнцыя завершана. Як адзначаюць яе ўдзельнікі, даследчая праектная праца ўзбагаціла іх новымі ведамі, дазволіла адпрацаваць уменні, навыкі, спрыяла развіццю самастойнасці, адказнасці, камунікатыўных і дзелавых якасцяў.
Віншуем удзельнікаў з паспяховым выступленнем. Усім жадаем далейшых поспехаў і творчых задумак, рэалізацыі ідэй, новых цікавых праектаў!


Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара






