Кожную пагодлівую гадзіну выкарыстоўваюць працаўнікі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы», каб убраць травы першага ўкосу. Для грамадскага пагалоўя колькасцю амаль 9,5 тысяч у гаспадарцы ўжо нарыхтавана 5 тысяч тон сенажу. Наперадзе яшчэ вялікі фронт работ: каб зімой рагулі добра сілкаваліся і малочныя рэкі не абмялелі, трэба мець у запасе 30 тысяч тон сенажу, 30 тысяч тон сіласу і 1,2 тысячы тон сена.
Амаль круглыя суткі кіпіць работа на трамбоўцы сянажнай масы, якую дастаўляюць з палёў гаспадаркі ў траншэі каля малочнатаварных ферм. Бо згодна з тэхналогіяй, на якасную нарыхтоўку аднаго сховішча кансерваваных кармоў неабходна 3-4 сутак. Менавіта таму ў сельскай гаспадарцы ў дні касавіцы патрабуецца не меншая мабілізацыя, чым на ўборцы хлеба.
Зараз аграрыі занятыя на трамбоўцы зялёнага корму каля малочнатаварнай фермы «Вялікія Жухавічы». Траншэя змесціць 3 тысячы тон «зялёнкі», па якой туды і назад без стомы снуюць адразу два пагрузчыкі: К-700 і Амкадор, яны выраўноўваюць масу. Побач — спецыяльны ўкатчык, набыты ў 2020 годзе, які раўнамерна трамбуе траншэю, што дазваляе сянажнай масе не перагравацца, а значыць заставацца ядомай для рагуль. Яшчэ адна навінка — вілы, якія раўнамерна размяркоўваюць корм па паверхні траншэі. Для лепшага выніку ў працы грошай на новую тэхніку ў гаспадарцы не шкадуюць.




Дружнай камандай працуе механізаваны корманарыхтоўчы атрад сельгаспрадпрыемства. У яго ўваходзіць 6 касілак, 4 падборшчыкі-здрабняльнікі, двое грабляў, 4 трактары працуюць на трамбоўцы, 11 адзінак заняты на адвозцы.
Упэўнена вядзе па полі камбайн вопытны механізатар з 30-гадовым стажам Васілій Віннікаў. І вясной, калі працуе на ворыве, і на корманарыхтоўцы ён старанна рыхтуе тэхніку, дакладна выконвае патрабаванні вядзення палявых работ.

Механізатар Васілій Ерамецька ў «Жухавічах» — 6 гадоў. Разам з жонкай Святланай, якая працуе аператарам машыннага даення, пераехалі сюды з Казахстана.

— У Беларусі ёсць праца, годны заробак, — кажа мужчына. — Жывём у добраўпарадкаваным катэджы, выдзеленым калгасам, жыццём задаволены. Беларусь — цудоўная краіна.
Побач працуе Сяргей Зарубайка, які ў калгасе працуе з 17 гадоў: як сеў за руль сельгастэхнікі адразу пасля арміі, так і прыкіпеў да працы хлебароба. У гэтыя гарачыя дні ён шчыруе на МТЗ-3022 з 9-мятровай касілкай. За дзень абодва механізатара скошваюць каля 100 гектараў траў.

Усяго адзін запіс у працоўнай кніжцы — «Жухавічы» — у механізатара Аляксандра Знайдзёна.

— Я родам з гэтых мясцін, — кажа мужчына. — Усё тут сваё, роднае. І праца па душы. У мяне дружная сям’я: жонка Анастасія працуе бухгалтарам, двое дзетак. Жывём душа ў душу. А што яшчэ трэба чалавеку для шчасця?

Сярод тых, хто з першага дня на корманарыхтоўцы, вадзіцелі Аляксандр Стрэчань, Руслан Кісель і Генадзій Лопух.

— У сельгаскааператыве — я тры гады, — кажа 25-гадовы Руслан. — У горад за шчасцем не падаўся. Як гаворыцца, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. У нас хлопцы добрыя, заўсёды дапамогуць і словам, і справай. Ды і заробак задавальняе.
— Праца ідзе хутка і зладжана, з абавязковым захаваннем тэхналагічных патрабаванняў, — каменціруе намеснік старшыні СВК «Жухавічы» Міхаіл Штыцько. — Травы сёлета ўрадзілі нядрэнныя. У мінулым годзе ў гэтыя дні мы атрымалі 1,4 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, у гэтым — ужо 1,5 цэнтнера. Так што ідзём з плюсам. На МТФ «Юравічы» сянаж закладзены пад поўную патрэбнасць зімова-стойлавага перыяду, на «Малых Жухавічах» — на 50%. Недастатковая частка будзе ўзятая з другога ўкосу.

Якасць закладваемай здробненай травяной масы пастаянна адсочваецца спецыялістамі ветлабараторыі. Традыцыйна правяраюцца тэмпература і вільготнасць зялёнага корму, адбіраюцца пробы для вызначэння ўтрымання караціну, наяўнасці сухога рэчыва і нітратаў. Бо захаванне ўсіх тэхналагічных рэгламентаў — гэта аснова асноў, якая потым дазволіць убачыць вынік кормавытворчасці ў даільнай зале.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара






