На палях СВК “Жухавічы” ўбрана 38% зерневых і зернебабовых культур і з кожнага гектара тут атрымліваюць па 77,5 цэнтнера і традыцыйна дэманструюць адзін з лепшых вытворчых паказчыкаў на Карэліччыне.

— У гэтым годзе ўборачныя плошчы зерневых культур складаюць 2050 гектараў, з якіх 1500 га — гэта азімыя, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Бараноўскі. — Асабліва радуе азімая пшаніца — бяром па 90 цэнтнераў на круг. Для параўнання ў мінулым годзе яе ўраджайнасць была на 16 ц/га ніжэйшай. Добрым атрымаўся і азімы ячмень: на суглінках — 91 цэнтнер, на пясках — 50. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых па гаспадарцы складае 77,5 ц/га, што вышэй за мінулагодні паказчык на 10,5 цэнтнера. Але лепшыя ўчасткі яшчэ наперадзе, так што разлічваем на важкі каравай.




Чатыры дні таму жухавіцкія хлебаробы прыступілі да ўборкі азімага рапсу, які займае 550 гектараў. Культура ў гэтым годзе дэманструе ўраджайнасць, амаль у 2 разы перавышаючую мінулагоднюю, — 46,6 ц/га супраць 26 ц/га ў 2021 годзе.
Каб у час сабраць добры ўраджай, у гаспадарцы задзейнічана 12 камбайнавых экіпажаў, 9 адзінак тэхнікі на адвозцы. Тэмпы аграрыі трымаюць добрыя, да таго ж розныя па скараспеласці сарты зерневых і зернебабовых культур дазваляюць праводзіць жніво без аўралаў, рытмічна і якасна.
У лідарах на жніве камбайнавы экіпаж у складзе камбайнера Аляксандра Дукі і яго памочніка Аляксандра Крывіцкага, якія намалацілі 752,2 т.
— Гэта мая чацвёртая ўборачная кампанія, — гаворыць камбайнер. — Так што вопыт ёсць, працуем у тэмпе, але якасна. Разумеем, што страты на полі — гэта страты нашага прыбытку.



Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара







