Уборка ўраджаю бягучага года набліжаецца да завяршэння. Першымі гаспадаркамі Карэліччыны, якія ўбралі апошняе зерне з палёў, сталі КСУП “Царука” і СВК “Свіцязянка-2003”. Павіншаваць хлебаробаў у поле прыехаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў, першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Бусько, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Карэліччыны Ірына Пянькоўская.

На полі каля вёскі Новае Сяло роўным шэрагам выстраіліся камбайны КСУП “Царука”. Сярод механізатараў і вадзіцеляў ажыўленне: прыемна першымі завяршыць уборку ўраджаю.
— Ужо стала добрай традыцыяй, што ваша прадпрыемства першым у раёне завяршае ўборку зерневых, — адзначыў Генадзій Шатуеў. — Вы сваімі чатырма камбайнамі паказалі, што ваш калектыў нязменных камбайнераў можа паказаць высокія вынікі. Нягледзячы на капрызы надвор’я ў гэтым годзе, вы справіліся і ўбралі хлеб без страт. Той ураджай, які вы атрымалі, каштоўны, бо хлеб — усяму галава.
Яўген Бусько павіншаваў хлебаробаў з завяршэннем жніва і адзначыў, што працы яшчэ вельмі шмат:
— Неабходна дапрацаваць збожжа, пасеяць азімыя, закласці ўраджай будучага года. Жадаю, каб вал збожжа, дасягнуты ў гэтым годзе, вы перасягнулі ў наступным. Дзякуй за ўраджай!
— Дзякуй вам, сапраўдныя мужчыны, — шчыра падзякавала аграрыям Ірына Пянькоўская. — Я лічу, што ўборкай збожжа займаюцца менавіта сапраўдныя мужчыны, якія ўсе сілы аддаюць рабоце. Моцнага вам здароўя, мірнага неба над галавой, шчасця і поспехаў у працы.
Да віншаванняў далучыўся старшыня КСУП “Царука” Аляксандр Лейка:
— Дзякуй вам, дарагія працаўнікі, што мы змаглі нашым невялікім калектывам у сціслыя тэрміны ўбраць вырашчаны намі ўраджай. Дзякуй, што гэтым калектывам мы пачалі ўборку і скончылі без страт, без здарэнняў, без траўмаў, без надзвычайных сітуацый.
На полі СВК “Свіцязянка-2003” працуюць два камбайны, убіраюць апошнія гектары хлеба.
— Тэрміны і якасць сяўбы, якасць падрыхтоўкі зямлі — вось залог будучага ўраджаю, — адзначыў Генадзій Шатуеў, — усё неабходна рабіць своечасова. Вянец усяму — завяршэнне жніва. Вы адпрацавалі добра, тэхніка не падвяла, але самае галоўнае, што была забяспечана тэхналогія ўборкі. Шчыра віншую ваш калектыў, які прадэманстраваў, што ён можа вырашаць любыя пытанні.
Да віншаванняў кіраўніка раёна далучыўся Яўген Бусько, які пажадаў аграрыям здароўя і поспехаў.
Ірына Пянькоўская адзначыла, што за плячыма механізатараў, якія знаходзяцца на перадавой уборачнай кампаніі, стаяць усе работнікі гаспадаркі, бо ўсе працуюць на агульны вынік:
— Дазвольце ў вашай асобе сказаць вялікі дзякуй усім работнікам вашага прадпрыемства.









Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара







