Беларускі класік Якуб Колас пісаў, што зямля не зменіць і не здрадзіць. Але працаваць трэба шчыра і самааддана, і самому ў радасць, і людзі радуюцца зробленаму. Нездарма хлебароб — гучыць ганарова, і мы нізка кланяемся перад іх штодзённай і карпатлівай працай.
Гэта неаднойчы пацвярджалі і пацвярджаюць працаўнікі КУСП «Чарняхоўскі-Агра». У ліку тых, хто шчыраваў і прадаўжае шчыраваць на палетках, руплівыя хлебаробы гаспадаркі. Добрых вынікаў у працы дабіваюцца трактарысты-машыністы Мікалай Скіба, Віталій Загібайлаў, Аляксандр Гурскі, Ігар Брылевіч, Мікалай Жук. Яны выконваюць розныя віды палявых работ: пачынаючы ад падрыхтоўкі глебы, унясення ўгнаенняў, сяўбы і заканчваючы ўборачнай кампаніяй. Дарэчы, на сёлетнім жніве Мікалай Скіба дабіўся высокіх вынікаў — намалаціў 4103,4 тоны збожжа. Першага чатырохтысячніка шчыра павіншаваў старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Курыла і назваў яго вынік рэкордным па намалотах для Карэліцкага раёна.

Дарэчы, за свае чатыры тысячы тон Мікалай Скіба ўдастоены Ганаровай граматы Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміі. Пра такіх, як ён, гавораць: чалавек ад зямлі. З ранку да вечара механізатар шчыруе ў полі, з якім ён зрадніўся, і ўсе свае любоў, старанне, вопыт укладае ў любімую справу. І вынік не прымушае сябе доўга чакаць: прыходзяць прызнанне, павага і аўтарытэт у калектыве.

Сельгаскааператыў таксама дабіўся добрых вынікаў на ўборцы: рапсу атрымана 2382,7 тоны пры ўраджайнасці 47,7 цэнтнера з гектара. Як вынік — чарняхоўцы занялі трэцяе месца на Карэліччыне.
Намалочана збожжа 13556,9 тон пры ўраджайнасці 60,7 цэнтнера з гектара.
Ва ўсе часы чалавек працы ў пашане. Патрэбны старанне і працавітасць, каб дабівацца вынікаў. З дня ў дзень маладым трэба авалодваць сакрэтамі прафесіі. У гэтым годзе ў працоўную сям’ю чарняхоўцаў прыйшлі шэсць маладых спецыялістаў — яны папоўнілі штат бухгалтарска-эканамічнай службы. Двое маладых людзей (маладыя спецыялісты жывёлагадоўлі) 12 верасня стварылі сем’і. Іх абраннікі жыцця таксама працаўладкоўваюцца ў гаспадарку.
КУСП «Чарняхоўскі-Агра» шукае шляхі ўдасканалення па далейшаму развіццю вытворчасці і дасягненню пэўных вынікаў. З гэтай мэтай сёлета закуплена новая тэхніка: трактар Беларус 3522, камбайн GS2124, плюшчылка зерня кукурузы ПВЗ-30, прыстасаванні для ўборкі рапсу і кукурузы. Пабудаваны прафілакторыі для цялят на малочна-таварных фермах «Лыкавічы» і «Вялікая Слабада» з устаноўкай новага абсталявання.
Свята «Дажынкі «— яшчэ адна падстава, каб працаўнікам вёсак адчуць гонар за сваю хлебаробскую справу. Нам жа ўшанаваць і сказаць у іх адрас словы прызнання і падзякі. Яны заслугоўваюць увагу і павагу сваёй нястомнай працай. Хлебаробам трэба нарадзіцца , каб з гонарам і годна прадаўжаць справу дзядоў і бацькоў. Працаваць на зямлі, мець свой дом, стварыць сваю сям’ю, выхоўваць сваіх дзяцей. І проста быць шчаслівым там, дзе патрэбны, як і вялікае жаданне зрабіць усё для Бацькаўшчыны, каб яна яшчэ больш квітнела з кожным днём. У чарняхоўцаў гэта атрымліваецца рабіць..
Галіна СМАЛЯНКА








