Быць адданым сваёй справе — гэта не проста словы, гэта шчырая праца, сумленнасць і адказнасць. Усе гэтыя якасці ўласцівы працаўнікам сяла. Кожны дзень яны прыкладаюць шмат намаганняў дзеля таго, каб забяспечыць харчаваннем нашу краіну.
Шмат гадоў на карысць СВК “Жухавічы” працуе трактарыст-машыніст Уладзімір Сяляўка. Сам мужчына з вёскі Трашчычы Жухавіцкага сельсавета.
— Уся тая моладзь маіх гадоў і зараз працуе на карысць прадпрыемства. На работу я прыйшоў у 1981 годзе і з тых самых часоў не здрадзіў зямлі. І пакуль будзе працаваць тэхніка, пакуль будзе здароўе, буду працаваць і я.
Спачатку Уладзімір Іванавіч быў шафёрам, кіраваў такімі аўтамабілямі, як ГАЗ-51, ГАЗ-53 і КАМАЗ. Пасля прыняў прапанову перайсці на камбайн.
— Гэта толькі ў летні перыяд я на камбайне. Зімой пераходжу на трактар. Акрамя таго, займаюся абслугоўваннем камбайна, каб у гарачую пару тэхніка была спраўная.
Уладзімір Іванавіч зараз на пенсіі, але проста сядзець дома не жадае. Такі працаўнік на вагу золата ў кіраўніцтва, якое адгукаецца аб Уладзіміру Сяляўку толькі добрымі словамі.
— Сакрэт маёй любові да працы зусім просты — адданасць сваёй зямлі.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























