— Пачынала падменнай даяркай і абслугоўвала пяцьдзясят кароў. Давала выхадныя даяркам, але гэтыя абставіны не мянялі адносін да прафесійных абавязкаў — працавала з усёй адказнасцю. Майстэрству вучылася ў Марыны Казіміраўны Масюкевіч і з гадамі дасканала авалодала прафесіяй, — гаворыць Ганна Навіцкая і дадае, што і матуля працавала на ферме «Людвікава», таму любоў да працы перадалася ад роднага чалавека. А каб справа спорылася, трэба з усёй адказнасцю адносіцца да яе.
Яе маленькая радзіма — вёска Заполле Красненскага сельсавета. Яна вырасла ў вёсцы і з працай у сельскай гаспадарцы знаёма з дзяцінства. Старэйшы сын Дзмітрый таксама спыніў свой выбар на сельскай гаспадарцы — працуе трактарыстам у КСУП «Племзавод Карэлічы».
За гады працы адбыліся значныя змены і на вытворчасці. Цяпер падчас даення каровы знаходзяцца ў даільнай зале, і ў прафесійныя абавязкі аператара машыннага даення ўваходзіць толькі падаіць іх, а вось кармы раздаюць жывёлаводы. Праца намнога аблегчылася, а адказнасць у рабоце засталася тая ж: трэба выконваць абавязкі добрасумленна, і поспех не міне. У сярэднім ад адной каровы зараз штодзённа атрымліваюць па дваццаць-трыццаць кілаграмаў малака, і праца прадаўжае спорыцца ў руках сельскай працаўніцы.
Галіна Смалянко
Фота Яраславы Манкевіч







