Галіна сельскай гаспадаркі мае шмат разнастайных прафесій: механізатар, аграном, жывёлавод і іншыя. Сярод іх немалаважнае месца займае аператар машыннага даення. Гэта прафесія забяспечавае эфектыўнае і якаснае атрыманне малака, якое з’яўляецца адным з вядучых прадуктаў у сельскай гаспадарцы.
На МТФ “Паланая” працуе адказная добразычлівая аператар машыннага даення Людміла Лустач. Жанчына прызнаецца, што працаваць ёй падабаецца, калектыў добры, як і начальства.
— Працую ў СВК “Маяк-Заполле” 25 гадоў. Спачатку на ферме “Руціца”, потым пайшла ў дэкрэт. Калі выйшла, адразу прыйшла на працу сюды, у Паланую. На першай ферме не было новых тэхналогій, як на гэтай. Тут ужо ў плане працы лягчэй. Але ўсё ж такі цэлы дзень на нагах. Не кожны вытрымае.
На пытанне, чаму выбрала менавіта сельскую гаспадарку, жанчына адказала проста — гэта ўжо ў крыві.
— Мая бабуля і матуля працавалі ў сельскай гаспадарцы. Цяпер шчырую і я. Ужо ў першым класе я ўмела даіць карову.
Людміла Лустач адна з лепшых аператараў машыннага даення ў СВК. У мінулым годзе занесена на Дошку гонару прадпрыемства, напярэдадні свята — удастоена Падзякі міністра сельскай гаспадаркі. На пытанне пра сакрэт поспеху адказвае проста:
— Трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць.
Кацярына ЖАМОЙДА
Фота аўтара























