Вераніка Іванаўна Ласоўская — аператар механізаванай фермы «Адамова» КУСП «Чарняхоўскі-Агра». Яна даглядае 73 цяляці.
— Мы бяром пасля прафілакторыя 2-месячных цялят і гадуем да 200 кілаграмаў, — апавядае жанчына і дадае, што галоўнае — любоў да жывёлы. Не менш важна, каб кармы былі добрымі: калі цялятак збалансавана карміць, то яны будуць добра расці.
На ферме Вераніка Іванаўна працуе пятнаццаць гадоў і ўвесь час цялятніцай. Шмат гадоў таму шчыравала ў Жухавічах у цяпліцах, дзе ў той час займаліся вырошчваннем кветак і гародніны.
Яна сама родам з вёскі Негнічы Жухавіцкага сельсавета. Вёска прадаўжае жыць больш у летні перыяд, калі прыязджаюць дачнікі.
— Свята мы таксама чакаем, яно патрэбна нашай душы, — прадаўжае субяседніца. — Хочацца адчуць гонар за прафесію сельскага працаўніка. Яна з’яўляецца вельмі патрэбнай — мы забяспечваем людзей прадуктамі харчавання. З мужам Мікалаем Мікалаевічам уносім свой уклад у агульную харчовую скарбонку.
Галіна Смалянка
Фота Яраславы Манкевіч







